ЗАСПАКОЙВАЦЦА ПАКУЛЬ РАНА

Общество

У сувязі з тым, што на тэрыторыі Іўеўскага раёна быў устаноўлены выпадак афрыканскай чумы свіней, Валожыншчына трапіла ў першую зону пагрозы. Згодна з зацверджанымі Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі ветэрынарна-санітарнымі правіламі, у такой зоне неабходна праводзіць работу па адчужэнні свіней у прыватным сектары.

Гэта выклікана тым, што на падворках грамадзян вельмі высокая канцэнтрацыя свінапагалоўя. Улічваючы, што верагоднасць заразіцца найбольш высокая менавіта для жывёл у асабістых падсобных гаспадарках, ліквідацыя свінняў з’яўляецца адзінай мерай, якая рэальна знізіць пагрозу распаўсюджання АЧС. Уладальнікам за забраных жывёл выплачваецца адпаведная кампенсацыя: 18969 рублёў за адзін кілаграм жывой вагі для фізічных асоб і 18337 – для юрыдычных. Забор вядзецца не толькі з асабістых падворкаў, але і з дзікай фаўны і невялікіх сельскагаспадарчых фермаў, на якіх немагчыма гарантаваць поўную біялагічную абарону жывёл.

Каварства і небяспека АЧС не толькі ў тым, што супраць яе няма вакцыны, але і ў тым, што хвароба лёгка распаўсюджваецца кантактным шляхам: праз корм, мяса і мясныя прадукты, прадукты жыццядзейнасці свінняў. Асноўнымі пераносчыкамі АЧС лічацца дзікія кабаны, якія ў пошуках ежы пераадольваюць вялікія адлегласці, падыходзяць блізка да жылля і сельгасугоддзяў. А занесці інфекцыю на падворак можа любая іншая жывёла і сам чалавек, бо ўзбуджальнік распаўсюджваецца і з часцінкамі глебы. Не выключана магчымасць заносу гэтага віруса і праз сумніўныя камбікармы, якія рэалізуюць людзі без адпаведных пацвярджальных дакументаў.

Сёння сітуацыя ўскладняецца тым, што наступіў сезон нарыхтоўкі лясных ягадаў, грыбоў і лекавых траў. Узрастае небяспека, што людзі самі прынясуць вірус на вопратцы, абутку ў свае хлявы. Таму і рэкамендуецца абыходзіць як мага далей месцы, дзе водзяцца дзікі. А яшчэ лепш увогуле ўстрымацца ад лясных паходаў.

У якасці дэзынфікуючых сродкаў, якія негатыўна ўплываюць на вірус АЧС, выступаюць каўстычная сода, парафармальдэгід, хлорная вапна, тубісан, дзюбісан і іншыя. Часткова гэтыя прэпараты можна набыць у ветэрынарнай аптэцы па адрасе: г. Валожын, вул. Горкага, 25. Таксама ў бліжэйшы час дэзсродкі можна будзе купіць у магазінах райспажыўтаварыства.

Згодна з ветэрынарна-санітарнымі правіламі барацьбы з афрыканскай чумой свіней, забараняецца трымаць гэтых жывёл у прыватных падсобных гаспадарках на працягу 6 месяцаў. У сувязі з гэтым на тэрыторыі раёна прыпынены гандаль жывымі свіннямі да асобага распараджэння.

Сяргей ШУПЕНЬКА,

галоўны дзяржветінспектар раёна.

 



Добавить комментарий