Арыгінальнай кулінарнай кнігай без адзінай літары здзівілі чытачоў харвацкія кнігавыдаўцы. Каб на белых старонках з’явіўся тэкст, альманах трэба загарнуць у фольгу і запячы ў духоўцы. Толькі пасля па рэцэптах з яго можна гатаваць стравы. Як відаць, кнігадрукаванне ступіла далёка наперад…
Старажытныя егіпцяне, якія прыдумалі пяць тысяч гадоў назад першую кнігу ў выглядзе папіруснага скрутка, не маглі ўявіць, што іх рукапісныя выданні вельмі зменяцца і дзеці 21 стагоддзя будуць чытаць “Сем цудаў свету”, разглядаючы вялікую піраміду ў Гізе праз стэрэаакуляры.
У Валожынскай дзіцячай бібліятэцы пакуль адна такая кніга са стэрэамалюнкамі, якія становяцца аб’ёмнымі, дзякуючы кардонным акулярам з рознакаляровымі плёнкамі замест шкельцаў. Але ў бібліятэцы нямала і іншых, не менш экзатычных кніг. Вонкава яны нічым не адрозніваюцца ад астатніх, такіх жа маляўнічых, дзіцячых выданняў. Але ўсярэдзіне – сапраўдныя іншапланецяне.
Напрыклад, чатыры выданні з пазламі “Атлас свету”, “Космас”, “Чалавек”, “Легкавыя аўтамабілі” акрамя цікавай інфармацыі ўтойваюць у сабе займальныя гульні. У тоўстыя старонкі кніг, быццам ў шкатулкі, укладзены мазаікі. У кожным выданні іх па шэсць.
Ёсць у дзіцячай бібліятэцы кнігі “Навука” і “Наша цела” з галаграфічнымі вокладкамі. Калі іх паварочваеш пад розным вуглом, можна ўбачыць, як бліскае маланка або б’ецца чалавечае сэрца. Выданні напоўнены апошнімі адкрыццямі і вынаходніцтвамі ў вобласці навук.
Кніжка “Вучымся апранацца” дапаможа малышам стаць самастойнымі. Прама на старонках кнігі яны патрэніруюцца зашпіляць гузікі, кнопкі, маланкі і завязваць шнуркі, якія прыроблены да адзення галоўных герояў. Уся галантарэя – сапраўдная.
А вось трохмерныя кніжкі-панарамы цешаць маленькіх чытачоў не толькі добрымі казкамі. Кожны разварот такіх выданняў адкрываецца, нібы веер, аб’ёмнымі маляўнічымі ілюстрацыямі.
Задача ўсіх кніжных ноу-хау, якія ёсць у бібліятэцы, не проста стварыць эфект, а праз займальную гульню развіць кругагляд і эрудыцыю малышоў і тынейджараў.
Алена ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.