СХАПІЦЬ ЗА РУКУ ГОРА-БІЗНЕСМЕНА

Закон и порядок

Самагонны бізнес у раёне даўно не мае таго разгулу, які калісь існаваў. Засталіся хіба што адгалоскі мінулай «славы». Міліцэйскія антыалкагольныя  мерапрыемствы прымусілі многіх самагоншчыкаў узяцца за розум. Аднак найбольш ярыя служкі «зялёнага» змея ніяк не адмовяцца ад забароненай справы. Праўда, цяпер яны прысмірэлі і стараюцца «ціснуць» гарэлку ва ўмовах строгай сакрэтнасці.

За апошні месяц у раёне «накрыты» шэсць падпольных кропак па вырабе самагонкі. Часцей у поле зроку праваахоўнікаў трапляюць дачнікі. Некаторыя з іх замест таго, каб вырошчваць на градках кроп і агуркі, наладжваюць у дамах вытворчасць забароненага пітва. За падобныя дзеянні панясе адказнасць дачнік з Рума, у двары якога быў прыхаваны самагонны апарат. Дачнік з Белякоў паспеў завесці 200 літраў брагі. Гэтыя грамадзяне адкажуць па ўсёй строгасці закону.

Найбольш канфіскавана і знішчана брагі ў Лужанах – 800 літраў і ў Будзе – 500 літраў.

Адміністрацыйная адказнасць прадугледжана і для тых, хто набывае і захоўвае самагонку. Адразу два пратаколы складзены ў адносінах жыхара райцэнтра, у доме якога знайшлі 7,5 літра саматужнай гарэлкі. Мужчына прызнаўся, што набыў яе ў незнаёмай асобы. А вось жыхар вёскі Пялікшчына аказаўся больш запаслівым. Ён набыў у незнаёмца 26 літраў самагону. Адміністрацыйнага штрафу яму не пазбегнуць.

У кафэ «21 стагоддзе» камплектоўшчык ААТ «Элбітгруп» выпіў лішку і пачаў паводзіць сябе агрэсіўна. У біяграфіі хулігана цяпер застанецца радок аб судзімасці. Двое жыхароў сталіцы затрыманы супрацоўнікамі Валожынскага ДАІ за яздой у стане алкагольнага ап’янення. Яны ўжо прыцягваліся сёлета да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічныя правапарушэнні. У адносінах кожнага ўзбуджана крымінальная справа.

Рана ці позна справядлівае пакаранне спасцігне ўсіх, хто не жадае падпарадкоўвацца антыалкагольнаму заканадаўству.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий