“Ты заўжды ў адказе за тых, каго прыручыў”, – казаў Ліс Маленькаму прынцу. Гэты крылаты выраз з філасофскай казкі тоіць у сабе глыбокі роздум аб прыгажосці чалавечых адносін.
Але без жыццёвага прыкладу гуманная думка пісьменніка-рамантыка Сент-Экзюперы рызыкуе застацца галаслоўнай, не абудзіўшы ў сэрцы дабрыні і чуласці. Бо, “калі сябе прыручыш, потым здараецца і плакаць”, – засмучаўся ўсё той жа Ліс.
У Валожынскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка” знайшлі спосаб прывіваць дзецям ідэалы вернага сяброўства і спагады праз клопат аб братах нашых меншых.
Тут ужо дзесяць гадоў жыве дэкаратыўны трус Філя – улюбёнец дзетвары. Кожная з шасці груп дашкольнікаў па месяцы даглядае вушастага гадаванца. Дзеці стараюцца разнастаіць меню пушыстага звярка: прыносяць з дому моркву, збожжа, галінкі яблыні і грушы. Сочаць, каб у клетцы труса заўсёды было сена і свежая трава.
Цяпер Філя жыве ў адзіноце, страціўшы сяброўку-трусіху. Каб вушасты гадаванец не нудзіўся, дзеці і бацькі вырашылі знайсці яму новую пару.
Дашкольнікі клапоцяцца не толькі пра Філю. Даглядаюць дзеці і акварыумных рыбак: у жывым кутку тут пасяліліся плоткі, аранжавы дэкаратыўны сом і водныя смаўжы.
Алена ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.