Выратавальны аўтамабіль са спецыяльнай лесвіцай і помпай-рукавом, каланча – назіральная вежа, шчыт з вогнетушыцелямі і баграмі – такая пажарная станцыя абсталявана на тэрыторыі Валожынскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка”.
Ёсць тут і камандзірская машына, і нават свой выратавальнік. Хоць станцыя і бутафорыя – усё яе абсталяванне драўлянае, і такая знаходка, дзякуючы ўмелай рабоце выхавальнікаў, дапамагае маленькім гарэзам зразумець – з агнём жарты кароткія. Змайстравалі такія карысныя рэчы ўмельцы Валожынскага лясгаса – шэфскай арганізацыі дашкольнай установы.
Нездарма сёлета абласны конкурс “На лепшы куток пажарнай бяспекі ў дашкольнай установе” прынёс “Расінцы” дыплом III ступені і ў падарунак – караоке-плэер.
Кожны месяц у дашкольнай установе праводзяцца спецыяльныя трэніроўкі: вучэбная пажарная трывога, заняткі па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Частыя госці тут і супрацоўнікі МНС, якія знаёмяць маленькіх непасед з асноўнымі правіламі супрацьпажарнай бяспекі.
Алена ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.