ВУЧАЦЬ БЫЦЬ САПРАЎДНЫМ САЛДАТАМ

Общество

Сярод навабранцаў часці з райцэнтра – восем ураджэнцаў Валожыншчыны: Анатоль Варашкоў, Дзмітрый Мурзо, Андрэй Суша, Андрэй Бохан, Дзмітрый Салаўёў, Сяргей Маляўскі, Аляксей Туранскі, Арцём Барысевіч, якія накіроўваліся ў войска нашым райваенкаматам. Першыя азы вайсковай службы ў вучэбнай роце ўжо пройдзены. Адаптацыйны перыяд самы цяжкі для навічкоў. Але не проста з маладымі байцамі і іх камандзірам.

Камандзір вучэбнай роты, старшы лейтэнант Яўген Ільюшчыц павінен за кароткі тэрмін не толькі распазнаць асаблівасці характару кожнага, але і вызначыцца з індывідуальным падыходам на ўвесь тэрмін службы.

Найперш правяраецца фізічная падрыхтоўка навабранца. Без асаблівай напругі з армейскімі нагрузкамі справілася толькі палова хлопцаў, усе – прызыўнікі з аграгарадкоў Ракава і Пяршаяў. Відавочна, што там, дзе ёсць добрая спартыўная база, юнакі больш загартаваныя і дужыя.

Тое, што палова прызыўнікоў слабыя фізічна, прымушае насцярожыцца. Пасля прабежкі пары кіламетраў ён ужо як выціснуты лімон… Вядома, з адных рэкардсменаў войска не складаецца, але тэст на вынослівасць павінны прайсці ўсе. Як паказвае армейская практыка, ужо праз паўгода рэгулярных фізічных практыкаванняў мускулатура ў салдата наліваецца сілай, не так стамляецца.

Усе ваеннаслужачыя тэрміновай службы атрымліваюць каларыйнае харчаванне. У салдацкай сталовай працуюць прафесіянальныя павары. Святочнае меню абавязкова ўзбагачаецца. Да таго ж пры часці працуе гандлёвая кропка, дзе кожны салдат мае магчымасць набыць кандытарскія вырабы на свой густ.

Цяпер, калі на ўзбраенні ваенных тэхніка найноўшага пакалення, растуць запатрабаванні да асабовага саставу і ў плане адукацыйнага ўзроўню. Тут становішча зноў-такі жадае быць лепшым. Палова прызыўнікоў паказваюць слабыя веды за курс школьнай праграмы. Хіба можна такому даверыць працаваць са складанай камп’ютарнай праграмай? Праўда, сярод васьмі валожынскіх прызыўнікоў ёсць адзін з вышэйшай адукацыяй – Дзмітрый Мурзо з Ракава. На такіх і робіцца сёння стаўка. Усю армейскую навуку ён схватвае «на ляту», да таго ж лёгка спраўляецца з фізічнымі нагрузкамі.

Але і самы станоўчы навабранец перажывае значны эмацыянальны стрэс, аказаўшыся ў казарме: ён мусяе падпарадкоўвацца строгім патрабаванням армейскай дысцыпліны. Вайсковым Уставам паблажак нават на першыя дні службы не прадугледжваецца.

Тут ужо ўсё будзе залежыць ад камандзіра, ад таго, які ён створыць у новым калектыве клімат. Галоўнае, што павінна парадаваць і супакоіць бацькоў, у часці выкаранены неўстаўныя адносіны і «дзедаўшчына». Няшчасных выпадкаў таксама ўдаецца пазбягаць.

Пройдзе не так шмат часу, і восем памужнелых хлопцаў, пазнаўшы ўсе тонкасці, зведаўшы цяжкасці і «панюхаўшы» пораху, вернуцца дадому. Таму што афіцэрскі састаў часці і прапаршчыкі, якія нясуць адказнасць за жыццё і здароўе салдата, сваю справу ведаюць.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий