САМ САБЕ ГАСПАДАР

Общество

Адна з прычын, па якой людзі імкнуцца мець уласны бізнес – нежаданне выслухваць чужыя загады. «Я працы не баюся, але не люблю, калі мяне кантралююць: у колькі прыйшоў, што раблю. Камандзірскага тону ў адносінах да сябе не цярплю, – прызнаецца прадпрымальнік з Івянца Віктар Антонавіч АШУРКЕВІЧ. – Я сам сабе гаспадар. І гэта адчуванне дае мне сілы ўставаць у чатыры гадзіны раніцы, працаваць без перапынку на абед. Толькі наладзіўшы ўласную справу я адчуў, што рэалізаваўся, як асоба».

Сёння гаспадарка Віктара Антонавіча «Дзіўны сад» займае 50 гектараў. Участак не прамалінейны, а круглы. «Вось так кожны дзень і хаджу па кругу,» – жартуе В. А. Ашуркевіч. Нават узімку даводзіцца аглядаць кожны саджанец. Зайцы наведваюцца, каб паласавацца карой, але найбольш шкоды маладым парасткам прыносяць палявыя мышы. А гэта ўжо дадатковыя выдаткі на пасадачны матэрыял, які каштуе нятанна. Віктар Антонавіч пераканаўся, што ўгадаць з сортам дрэва – палова поспеху. Сёння ў «Дзіўным садзе» растуць прадукцыйныя сарты айчыннай селекцыі груш і яблынь, сліў і чарэшняў, ёсць плантацыі з буякамі і трускалкамі, арэшнік, некалькі відаў агародніны. У сезон аптовыя пакупнікі прыязджаюць за ўраджаем самастойна. За вітаміннай прадукцыяй наведваюцца і ўстановы аховы здароўя, адукацыі раёна. Асноўная ж частка ідзе на продаж у сталіцу.

Цікава, што прыбытак у прадпрымальніка не залежыць на прамую ад урадлівасці. Больш вырасла пладоў – значыць цэннік на іх будзе меншым, а сілы на збор ураджаю патраціш шмат. Дарэчы, збор – амаль адзіны працэс, які патрабуе ручной працы. Уся іншая агратэхніка механізаваная. Ёсць два трактары і разнастайныя прычапныя агрэгаты да іх. Нават праполка, самая нелюбімая справа агароднікаў, ажыццяўляецца пры дапамозе тэхнікі. Так што без выпадковых людзей гаспадар абыходзіцца. Дапамагаюць жонка, сям’я сябра.

Віктар Антонавіч – добразычлівы, адкрыты чалавек. Ды і да «канкурэнтаў» ставіцца прыхільна. Слова «канкурэнты» ў двукоссе ўзяла нездарма. Так В. А. Ашуркевіч называе драздоў, якія спанатрылі аб’ядаць у садзе чарэшні. За адзін месяц, падлічыў гаспадар, абабралі амаль дзве тоны сакавітых ягад. Але калі не ахвяраваць чарэшню, то дразды перакінуцца на клубніцы, а гэта ўжо будуць куды большыя страты.

Гаспадарка «Дзіўны сад» не навічок на спажывецкім рынку. За ўзорнае вядзенне прыватнай справы В. А. Ашуркевіч пяць гадоў назад быў прызнаны лепшым прадпрымальнікам рэспублікі.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий