ПАЛІТРА ВІШНЕЎШЧЫНЫ

Люди и судьбы

Да 90-годдзя Шымона Перэса студэнты-другакурснікі архітэктурнага факультэта БНТУ правялі пленэр у Вішневе, каб пры дапамозе фарбаў адлюстраваць тыя мясціны, дзе нарадзіўся гэты вядомы палітычны дзеяч. У выніку атрымалася даволі вялікая калекцыя, якая пад назвай «Паштоўкі з Вішнева» выстаўляецца зараз на другім паверсе раённай цэнтральнай бібліятэкі. Фундатарам пленэра выступіла ААТ «Прыорбанк», старшыня праўлення якога Сяргей Аляксандравіч Касцючэнка таксама ўраджэнец Вішнева.

Студэнты вучацца майстэрству жывапісу ў мастака і педагога, члена Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Алеся Квяткоўскага, чалавека, улюбёнага ў наш раён, яго гісторыю, прыгажосць, ён ганарыцца, што нарадзіўся ў Валожыне. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што сваіх студэнтаў Алесь ахвотна прывозіць менавіта сюды.

Мастак шмат працуе ў галіне эстэтычнага выхавання, лічыць, што ў наш прагматычны век моладзь абавязкова трэба знаёміць з цудоўным светам сусветнай культуры, заахвочваць да наведвання выстаў, больш увагі ўдзяляць урокам малявання ў агульнаадукацыйных школах.

Валожыншчыне вельмі пашанцавала, што тут жывуць і працуюць прафесіянальныя мастакі, прыхільнікі самых розных напрамкаў жывапісу: Фелікс Янушкевіч, Ігар Бархаткоў, Алесь Лось, Юрый Гаўрын, Георгій Скрыпнічэнка, Алег Раманоўскі.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий