У гонар Якуба Коласа…

Культура

У невялікую вёсачку Палачанка непадалёк ад Ракава, што ў Валожынскім раёне, прыйшоў Якуб Колас. Яго воблік — на мемарыяльнай дошцы работы народнага мастака Беларусі Івана Міско, устаноўленай на доме Марціна Мікалаевіча і Леакадзіі Уладзіміраўны Букрэяў. Пра што сведчыць і надпіс на дошцы: «У гэтым доме ў 1953-1956 гадах неаднаразова спыняўся народны паэт Беларусі Якуб Колас».

27 ліпеня гэтага года ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам жыхароў Палачанкі і Ракава, школьнікаў Ракаўскай СШ і тутэйшага лагера дзіцячага адпачынку быў адкрыты яшчэ адзін мемарыяльны знак у гонар славутага песняра Бацькаўшчыны.

Але чаму менавіта ў Палачанцы з’явілася гэта шыльда? У народнага паэта сваёй дачы не было. Да вайны ён наймаў лецішча ў Пухавіцкім раёне, у прыватнасці — у Балачанцы. Вайна панішчыла тыя мясціны. Трэба было выбіраць новае месца летняга адпачынку, і не столькі для сябе (працоўныя клопаты, хваробы не пакідалі шмат часу на гэта), колькі для дзяцей і ўнукаў. Месца і канкрэтную хату падказала, магчыма, цёця Уладзя, жонка Янкі Купалы, якая летавала ў суседнім Міхалове. Ды і назва вёскі (што для мастака слова таксама важна) лашчыла вуха: яна нітавалася са старажытнымі нашымі продкамі палачанамі, дый любімую Балачанку нагадвала. Радавала вока і сама драўляная хата Мікалая Букрэя, толькі што пастаўленая на высокім беразе лясной рачулкі з чэсаных смалістых бярвёнаў, крытая свежай дранкай. Тое, што трэба! Гаспадары хаты рады былі займець такога кватаранта. Ды і Канстанцін Міхайлавіч доўга не раздумваў, толькі папрасіў хату не шаляваць, не фарбаваць, унутры не абклейваць шпалерамі — «каб смаляны дух не выветрыўся».

Чатыры леты прыязджалі на адпачынак у Палачанку сем’і сыноў Якуба Коласа Данілы і Міхася. Да самай сваёй смерці ў 1956 годзе нярэдка завітваў сюды і сам паэт, часам заставаўся тут на некалькі дзён. Па ўспамінах жыхароў вёскі, яго наведвалі тут некаторыя беларускія пісьменнікі — Максім Лужанін, Міхась Калачынскі, Уладзімір Дубоўка… Дарэчы, пра гэта я ўжо пісаў і ў асобных артыкулах, і ў сваёй кнізе «Мой Трыглаў: Кніга пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча» (2012). І зусім лагічна, што тыя колішнія памятныя падзеі не сцерліся з памяці ваколічнага люду, і выказаная ў тых публікацыях прапанова, з разуменнем падтрыманая ўладамі — ад мясцовых і да рэспубліканскіх — знайшла цяпер увасабленне ў мемарыяльнай дошцы.

Ва ўрачыстым адкрыцці дошкі, што праходзіла пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенція Адамовіча, прынялі ўдзел сын Якуба Коласа, доктар тэхнічных навук, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Міхась Міцкевіч, народны мастак Беларусі, скульптар, Іван Міско, мастак-жывапісец Фелікс Янушкевіч, аўтар гэтых радкоў. З асаблівым захапленнем прысутныя слухалі выступленне Міхася Міцкевіча, які не толькі прыгадваў сваю пабыўку ў Палачанцы, але і чытаў па памяці многія радкі вершаў свайго бацькі. Урачыстасць упрыгожылі беларускімі народнымі спевамі і скокамі славуты калектыў Ракаўскага Дома народнай творчасці «Гасцінец», а таксама выкананы на флейце  вучаніцай 7 класа каледжа-гімназіі імя Ахрэмчыка (Мінск) Вікторыяй Янушкевіч бессмяротны «Паланез Агінскага». Мясцовы фермер Аляксандр Грынкін прачытаў спецыяльна напісаны да гэтай падзеі свой верш «Якубу Коласу».

Несумненна, гэтая падзея надоўга застанецца ў памяці ўсіх прысутных на ёй, асабліва моладзі. А мемарыяльная дошка на доме Букрэяў назаўсёды ўганаруе Палачанку светлай асобай аўтара «Новай зямлі».

Вячаслаў РАГОЙША. Фота аўтара. На здымку: Выступае сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч.

 



Добавить комментарий