КАМУ МОРА ПА КАЛЕНА?

Общество

Гэта толькі ў песні пяецца, што «губіць людзей не піва, губіць людзей вада». На самой справе алкагольнае ап’яненне найчасцей становіцца прычынай непапраўных здарэнняў на вадзе.

Трагедыя, якая адбылася на возеры Белае ў Жыткавічскім раёне, яшчэ раз гэта даказвае. Пяць чалавек, у тым ліку трое дзяцей, утапіліся з-за парушэння элементарных правілаў эксплуатацыі лодкі і з-за злоўжывання алкаголем яе кіроўцы…

На вадаёмах Валожыншчыны таксама можна сустрэць вясёлыя кампаніі, якія распіваюць спіртное, а потым ідуць купацца. Побач знаходзяцца і дзеці. Мала таго, што юнае пакаленне бярэ дрэнны прыклад з паводзінаў дарослых, дык яшчэ і падвяргаецца небяспецы. Тое, што ўжываць алкагольныя напіткі перад паездкай на аўтамабілі нельга, людзі ўжо неяк засвоілі, але і ўпраўляць лодкай на падпітку таксама нельга.

Не забывайце надзяваць на дзяцей выратавальныя камізэлькі! Асабліва «грашаць» гэтым тыя, хто катае малых на катамаранах на гарадскім возеры. Часам дарослы чалавек саджае побач з сабой двое-трое дзяцей, а яны дурэюць, штурхаюцца. Дастаткова хвіліны, каб ваш вясёлы настрой змяніўся роспаччу… А там і да бяды недалёка: возера глыбокае, а выратавальнікі могуць і не паспець.

Пастарайцеся весці сябе на вадзе абачліва, не рызыкуйце жыццём і здароўем сваім і сваіх блізкіх.

Юліян БАЛДОЎСКІ,

начальнік раённай арганізацыі ТВВАД.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *