У ПАДАРОЖЖА ЗБІРАЙСЯ – ПРА ЗАКОН НЕ ЗАБЫВАЙСЯ

Закон и порядок

«Рыба шукае дзе глыбей, а чалавек – дзе лепш», – сцвярджае народная мудрасць. З лібералізацыяй пашпартна-візавага рэжыму ў людзей з’явілася магчымасць выбару новага месцажыхарства і працы, многія заводзяць сяброўскія і сваяцкія адносіны з замежнымі жыхарамі. Заканадаўчы бок гэтых стасункаў падпадае пад кампетэнцыю аддзяленняў грамадзянства і міграцыі. Пра міграцыйныя працэсы ў раёне мы папрасілі расказаць начальніка аддзялення па грамадзянству і міграцыі Валожынскага РАУС А. А. ЧЭРНІК.

– Алена Аляксандраўна, колькі нашых землякоў сёлета пабывалі за межамі краіны?

– Такіх лічбаў у нас няма. А вось пашпартоў для непаўналетніх, якія збіраліся выехаць за мяжу, мы падрыхтавалі 203. Зараз выездам грамадзян у іншыя краіны, адкрыццём віз займаюцца турыстычныя агенцтвы і пасольскія службы.

– Якія краіны беларус можа наведаць без візы?

– Гэта Расія, Украіна, Казахстан і Малдова. Для ўезду ў іх дастаткова мець толькі пашпарт. І ён не абавязкова павінен быць выдадзены менш, чым дзесяць гадоў таму. З іншымі краінамі дамоўленасці аб бязвізавым перасячэнні мяжы не ратыфікаваны.

– Што трэба памятаць тым, хто прымае замежнікаў?

– Госці з Расіі, Украіны, Літвы вызваляюцца ад рэгістрацыі на месяц з дня ўезду ў Рэспубліку Беларусь. Усе прыбыўшыя з іншых краін абавязаны ў пяцідзённы тэрмін зарэгістравацца ў дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі. З іх спаганяецца дзяржаўная пошліна ў памеры 50 тысяч рублёў. Законам дазваляецца ў такім парадку знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі штогод тэрмінам да 90 сутак. Калі прыезджы чалавек засяляецца ў гасцініцу, то рэгістрацыя адбываецца аўтаматычна, па звестках прысланых у нашу службу. Сёлета ў гасцініцы «Карона» і аздараўленчым лагеры «Галактыка» зарэгістраваны 204 чалавекі. У асноўным гэта грамадзяне Расіі, Украіны, Польшчы.

Некаторыя прыязджаюць адпачыць у зонах аграэкатурызму. Ёсць і такія, хто прыбывае па службовых абавязках. Калі тэрмін камандзіроўкі да года, то ім выдаецца дазвол на часовае пражыванне. У гэтым годзе такі дазвол атрымалі 12 асоб, яшчэ 8 стаяць на ўліку на атрыманне дазволу.

– А як наконт тых, хто жадае стаць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь?

– Сёлета беларускае грамадзянства ў раёне атрымалі 16 замежных грамадзян.  Большасць з іх прыехала з блізкага замежжа, яны беларускага паходжання. Некаторыя права на грамадзянства атрымалі ў выніку таго, што пражылі ў нашай краіне больш за сем гадоў. Яшчэ 21 замежны грамадзянін атрымаў дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь.

– Наколькі актыўна нашы жыхары пераязджаюць на пастаяннае месцажыхарства ў іншыя краіны?

– Жыццёвыя сітуацыі бываюць розныя: хтосьці выходзіць замуж, жэніцца, эмігрыруюць і па іншых прычынах. Сёлета за мяжу на пастаяннае месцажыхарства выехалі пяць чалавек.

– Часта рэгіструюцца парушэнні міграцыйнага заканадаўства?

– У бягучым годзе выяўлены 32 парушэнні міграцыйнага заканадаўства. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты як фізічныя асобы, так і службовыя, якія не выканалі неабходныя патрабаванні пры найме на працу замежных грамадзян. Двое чалавек без беларускага грамадзянства за асабліва злосныя парушэнні былі дэпартаваны.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий