«ХАЙ НЕ ДРЭВАМ, ДЫК КВЕТКАЙ ПРАРАСТУ ДЛЯ ЖЫВЫХ…»

Общество

Над тым месцам, дзе калісьці стаяла Няроўская васьмігодка, ціха, бы рэха ад перагорнутых старонак, шапочуць ліпы ды калышуцца блікамі памінальнага агню аранжавыя лілеі…

Як птушкі да разбуранага гнязда зляцеліся сюды 20 ліпеня яе былыя вучні і настаўнікі, каб адзначыць 110-ю гадавіну з таго дня, калі дзеці з Няроў, Савічоў, Кібоў, Каліварыі і Алешчанят упершыню назваліся школьнікамі. Дарэчы, тут, у Няровах, настаўнічаў наш славуты зямляк, Герой Расіі Аляксей Мікалаевіч Бацян. Гэта было яго першае працоўнае месца.

Доўгі час школьнага будынка не існавала. Вядома, што ўпершыню школа запрацавала ў лістападзе 1903 года ў доме Васіля Губіча, потым у дамах Івана Караніка, Гароіма Садоўскага, Адама Маліноўскага, Іосіфа Лянкевіча. Падчас Першай сусветнай вайны Няровы былі спалены, дзяцей і настаўнікаў да 1921 года прытуліў у сваёй хаце Мацей Невяровіч з Савічоў. Але, як толькі няроўцы адбудаваліся, вучобу тут зноў аднавілі.

У 1939 годзе, пасля ўз’яднання Беларусі, у Няровы пад школу перавезлі вялікі, крыты чырвонай чарапіцай дом асадніка Кучынскага з Бярэзіны. Гэты будынак служыў верай і праўдай некалькім пакаленням, 52 выпускныя класы вылецелі адсюль у дарослае жыццё.

На свяце 110 угодкаў школы паміж ліпамі, што некалі раслі каля ганка, на вялікім палотнішчы было напісана: «Шчасліваю матуляю ўсіх вас сустракаю. Заходзьце, любыя, з усіх дарог чакаю…» А хіба магчыма забыцца пра матулю?

Гэтыя словы, як і шмат іншых цёплых слоў, а таксама ідэя і сцэнарый мерапрыемства зарадзіліся ў выпускнікоў 1976 года: Юлія Балдоўскага, Валянціны Садоўскай, Таццяны Ланько, Яніны Скадорвы, Віктара Скадорвы і іншых. Гэта быў самы вялікі клас за ўсю гісторыю школы – 28 вучняў. І як шмат гадоў таму назад, так і ў час урачыстасці побач з імі была класны кіраўнік – Фаіна Іосіфаўна Каранік. Удзячных слоў заслугоўвае і Галіна Гражынская. Яе артыкул пра школу, надрукаваны ў сакавіку гэтага года ў «Працоўнай славе», усхваляваў былых вучняў і настаўнікаў, напомніў пра юбілейную дату, натхніў на сустрэчу.

Дзіўна, але ў тую суботу ўсе навакольныя вёскі залівала праліўным дажджом, а над Няровамі толькі капнулі скупыя кроплі. Здавалася, што не толькі тыя, хто сабраўся (было іх не менш сотні), але і само неба расчулілася і ледзьве стрымлівае слёзы.

Няроўскай школай 34 гады кіраваў Леанід Андрэевіч Ланько. Падбіраў кадры, стварыў дружны педагагічны калектыў. Прыезджыя маладыя спецыялісты заставаліся тут назаўсёды. Паступова Няровы, вёска не цэнтральная ў калгасе, стала настаўніцкай. Дзяўчаты з дыпломамі выходзілі замуж за мясцовых хлопцаў, сем’і ўтварыліся дружныя, трывалыя. Магчыма, што прыкладам для іх стала сям’я Ланько. Былі муж і жонка не толькі добрымі педагогамі, але і выдатнымі бацькамі – мелі чацвёра цудоўных дзяцей, у іх доме заўсёды былі парадак і чысціня, трымалі вялікую, нават па сялянскіх мерках, гаспадарку.

Па «чырвонай дарожцы» да мікрафона выклікаліся настаўнікі, тэхнічныя работнікі, ім уручалі каштоўныя падарункі і кветкі. Як заведзена на юбілеі, падзялілі святочны торт з лічбай «110».

Колькі радасці было для кожнага, калі настаўніца беларускай мовы Марыя Іосіфаўна Жылевіч правяла імправізаваны ўрок па творчасці Якуба Коласа! Аказваецца, радкі з бессмяротнай паэмы класіка «Новая зямля» моцна трымаюцца ў памяці. Не менш уразіла работніца мясцовага сельгаспрадпрыемства Галіна Дземідовіч, якая напамяць прачытала прадмову Францішка Багушэвіча да кнігі «Дудка беларуская». Добрымі ведамі школьнай праграмы парадавалі Віктар Тышкевіч і Міхаіл Балдоўскі. А разам з настаўніцай рускай мовы Надзеяй Іванаўнай Судзілоўскай, чыталі ўрыўкі з паэмы А. Твардоўскага «Васіль Цёркін».

На мерапрыемстве гучала толькі чыстая беларуская гаворка, што таксама надало асобы шарм і адначасова прыемна ўразіла. Сапраўды, як сказала Ала Уладзіміраўна Садоўская, «мы не бязродныя, не з насення ветрам занесенага…»

Кажуць, найлепшы падарунак той, што зроблены ўласнымі рукамі. Такіх падарункаў Няроўская школа ў той дзень атрымала багата. Былі гэта вершы і песні яе былых вучняў і настаўнікаў: Ганны Бітэль, Э. А. Барадакі, М. І. Трапашкі, В. А. Скадорвы. Афіцыйная частка юбілея завяршылася выкананнем «Гімна школе», тэкст і музыку якога напісала Ф. І. Драгун.

Свята працягвалася аж да вечара. Калі за плячыма важкая звязка гадоў, то спыніць успаміны равеснікаў пра дзяцінства і юнацтва немагчыма. Бо то быў самы бесклапотны і шчаслівы час. Час, які таксама, бы тая школа, жыве цяпер толькі ў сэрцы…

Алена ЗБІРЭНКА,

былая вучаніца Няроўскай школы.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий