АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА жнівень 1968 ГОДА

Культура

ПЕРАДАВІКІ ЖНІВА

У спаборніцтве камбайнераў першынство трымаюць:

Станіслаў Сямёнавіч Пупа з калгаса імя М. Горкага – убраў 170 гектараў збажыны, намалаціў 185,5 тоны зерня;

Аляксей Іванавіч Кучынскі з саўгаса “Радзіма” – убраў 170 гектараў збажыны, намалаціў 153 тоны зерня;

Тамаш Міхайлавіч Гутар з калгаса імя Чарняхоўскага – убраў 161 гектар збажыны, намалаціў 168 тон зерня;

Уладзімір Васільевіч Бартош з калгаса “Краіна Саветаў” – убраў 160 гектараў збажыны, намалаціў 160 тон зерня;

Аляксандр Аляксандравіч Забела з саўгаса “Ракаўскі” – убраў 154 гектары збажыны, намалаціў 131 тону зерня;

Браніслаў Аляксеевіч Люковіч з калгаса імя М. Горкага – убраў 150 гектараў збажыны, намалаціў 163,9 тоны зерня.

ІВЯНЧАНЕ ПАКАРЫЛІ МАСКВУ

Танцавальны калектыў Івянецкага гарадскога Дома культуры паспяхова выступіў перад маскоўскім гледачом.

Кіраўнік калектыву – заслужаны дзеяч культуры БССР Іосіф Ляшчынскі. Першы канцэрт івянецкія танцоры далі для рабочых маскоўскага інструментальнага завода “Калібр”. Нашы самадзейныя артысты выступілі сумесна з Лебедзеўскай харавой капэлай Маладзечанскага раёна. Пасля першага ж нумара пранёсся шквал апладысментаў. Гледачы былі ў захапленні, пасля канцэрта запрасілі прыязджаць да іх часцей.

Майстэрствам вызначыліся івянецкія танцоры і падчас канцэрта ў парку “Сакольнікі”, што быў прысвечаны заканчэнню месячніка салідарнасці з барацьбой карэйскага народа за вывад амерыканскіх войскаў з Паўднёвай Карэі. На вечары прысутнічаў пасол КНДР ў СССР.

Дыпломаў, памятных медалёў і грамат удастоіліся івянчане за выступленне на сцэне ВДНГ СССР і ў парку культуры і адпачынку імя Ф. Дзяржынскага. Патрабавальны маскоўскі глядач быў у шчырым захапленні майстэрствам нашага калектыву, пасля кожнага выступлення чуліся дружныя апладысменты і воклічы: “Малайцы, беларусы! Брава!”

АДНЫМ АБЗАЦАМ…

Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР Указам за шматгадовую актыўную работу ў органах сацыяльнага забеспячэння ўзнагародзіў Ганаровай Граматай і Граматай Вярхоўнага Савета БССР вялікую групу работнікаў сацзабеспячэння. З нашага раёна ўзнагароджаны загадчыца аддзела сацыяльнага забеспячэння райвыканкама Марыя Аляксандраўна Косарава і Ганна Маркаўна Лебедзева – выхавацель Івянецкага дзіцячага дома для дзяцей з фізічнымі недахопамі.

Выдатна працуе ў юбілейным годзе БССР калектыў Каменскага падсочнага ўчастка. Пры плане 28,6 здабыта 31 тона жывіцы. Датэрмінова выканаў сезоннае заданне па здабычы жывіцы здымшчык Іосіф Свірскі. Перавыканаў узятае абавязацельства і здымшчык Ракаўскага падсочнага ўчастка Павел Скурко.

25 гектараў займаў лён у шостай паляводчай брыгадзе калгаса “Чырвоны сцяг”. Зараз дружна вядзецца яго церабленне. Работа арганізавана на аснове групавой здзельшчыны. Старанна працуюць калгаснікі Фацішка Кулік, Галіна Радзюк, Ядвіга Кулік, Надзея Бэндзік.

САЛІДАРНЫ З В’ЕТНАМАМ

На прамысловых прадпрыемствах, ва ўстановах, калгасах і саўгасах раёна прайшлі мітынгі салідарнасці з гераічным народам В’етнама, які мужна змагаецца супраць агрэсіі амерыканскага імперыялізму.

Напрыклад, у Вішнеўскім швейным цэху выступалі майстар М. Касабуцкі і швачка В. Рагачэвіч. Яны ганьбілі злачынную палітыку насілля ЗША, гнеўна абураліся амерыканскай ваеншчынай, якая хоча паставіць на калені свабодалюбівы народ. Але на баку В’етнама гарачая падтрымка ўсіх народаў свету, магутнага лагера сацыялізму. Удзельнікі мітынгу аднагалосна прынялі рэзалюцыю, у якой патрабуюць неадкладна спыніць злачынную агрэсію супраць гераічнай краіны, ганьбяць варварскія дзеянні амерыканскіх агрэсараў.

ДЛЯ КАГО ЗАКОН НЕ ПІСАНЫ

Рэйд на дарогах напрамку Валожын-Івянец правялі работнікі дзяржаўтаінспекцыі.

У той дзень многія матацыклісты “гастралявалі” без шлемаў. Напрыклад, вартаўнік Івянецкага лясніцтва спачатку нават не хацеў растлумачыць, чаму ездзіць без шлема. І як аказалася пазней не толькі без яго, але і без пасведчання на права кіравання матацыклам і без нумарнога знака. Заўважыўшы машыну ДАІ, ён кінуўся наўцёкі. Калі яго спынілі, стаў даказваць, што правы ёсць у старэйшага сына, а раз ёсць правы ў сына, значыць, і бацька можа ездзіць на матацыкле.

…Машына без нумарных знакаў адразу ж прыцягнула ўвагу. У кузаве знаходзілася каля 15 пасажыраў. Шафёр расказаў, што нумарныя знакі зняла ДАІ, бо нажны тормаз амаль зусім не дзейнічае. Але шафёр вымушаны адпраўляцца ў рэйс: начальнік Івянецкага лесаўчастка лічыць, што людзей можна вазіць і на такой машыне.

Сустрэўся і грамадзянін, які дрэнна ўспрымаў акружаючае з-за вялікай дозы “зялёнага змія”. На шчасце, спынены работнікамі аўтаінспекцыі, ён не паспеў сесці за руль матацыкла.

Калі вам сустрэнецца такі вадзіцель, затрымайце яго: гэта небяспечны парушальнік.

МАЙСТАР ВЫСОКІХ НАДОЯЎ

“Не мужчынская гэта работа”, – такія словы Пётр Раманавіч чуў не адзін раз, калі вырашыў працаваць даяром.

З таго часу прайшло тры гады. Пётр Кезік упэўніўся, што праца гэта нялёгкая нават і для мужчыны. Аднак ён стаў майстрам высокіх надояў. Летась ад кожнай з 13 кароў надаіў па 2900 кілаграмаў малака, а сёлета ўжо атрымаў звыш 1300 кілаграмаў ад кожнай.

Дарэчы, для Кезікаў прафесія жывёлавода – сямейная. Жонка Серафіма Аляксандраўна таксама працуе ў калгасе імя Чапаева даяркай. Бацькам у час школьных канікул дапамагаюць дачка Марыя і сын Пётр.

НЕ РЭСТАРАН І НЕ ХЛЕЎ?!

У чайной № 2 горада Валожына для таго, каб атрымаць абед, наведвальнік павінен прастаяць у дзвюх чэргах. Першую – ля буфета, дзе вам выпішуць чэкі і дадуць хлеб, другую – ля стала выдачы. На гэта ідзе не менш за 30-40 хвілін.

Ды і абед не смакуе. Салатаў няма. Першыя стравы амаль заўсёды аднолькавыя, не радуюць і другія. Ні падносаў для таго, каб не хадзіць наведвальніку па тры разы да століка, ні сурвэтак. Відэльцы і лыжкі не праціраюцца, часта здараецца, што чыстых і зусім няма. Сталы брудныя, у сподках з гарчыцаю няма лыжачак, таму кожны наведвальнік карыстаецца сваім відэльцам. Афіцыянтка ў брудным белым фартуху часта з-пад носа вырывае міскі і лыжкі, толькі што на хвілінку адстаўленыя наведвальнікамі. На заўвагу аб дрэнным абслугоўванні работнікі звычайна адказваюць: “Гэта ж вам не рэстаран!”

УДЗЯЧНЫ ЗА ВЫРАТАВАННЕ

Піша ў рэдакцыю М. Якабсон: “У пачатку лета ўбачыла пад дрэвам, на якім размешчана гняздо, маленькага бусла. Ён ляжаў з адкрытым ротам, падаючы ледзь чутныя гукі. Узяла яго, уважліва агледзела: пашкоджанняў не было.

Пакрытае мяккім пухам, лёгкае, бездапаможнае буслянё выклікала пачуццё жалю. Прынесла яго дадому. Карміла з чайнай лыжачкі, да яйкаў, тварагу, локшыны пазней прыбавіліся чарвякі, дробныя жабы, рыба, мяса. Буслянё паступова папраўлялася і падрастала.

Цяпер яго не пазнаць: убралася ў пер’е, аддае шмат часу догляду за сваім знешнім выглядам. У паводзінах назіраецца нешта дзіўнае: варта мне толькі ступіць на двор, ідучы з работы, як буслянё не адыходзіць ні на крок, лашчыцца аб нагу. Падасі яму руку – кладзе на яе сваю галаву.

Як толькі яго равеснікі, што засталіся ў гняздзе, пачнуць вучыцца лётаць, прынясу, пакажу яго ім. А мо’ прымуць? Цяпер жа буслянё дужэйшае за іх, шмат ходзіць, спажывае добры корм”.

КАЛОДЗЕЖ ЗАМЯНЯЮЦЬ ЛУЖЫНЫ

Жыхары вёскі Рудзеўшчына Гародзькаўскага сельсавета звяртаюцца ў рэдакцыю за дапамогай:

“Наша вёска даволі вялікая – больш за 40 двароў. Яна няспынна будуецца і добраўпарадкоўваецца. Адно дрэнна: няма ў нас чыстай вады. Ежу даводзіцца гатаваць на вадзе, узятай з лужын”.

Копію пісьма рэдакцыя паслала старшыні праўлення калгаса “Краіна Саветаў”. Пісьмо абмеркавалі на чарговым пасяджэнні праўлення. Вынесена рашэнне: пабудаваць артэзіянскі калодзеж на тэрыторыі вёскі ў 1969 годзе.

155 ГАДЗІН БАЛБАТНІ

Аб гэтым пісала раённая газета з паметкай “ТАСС”.

Сусветны рэкорд па “бесперапыннай балбатні” належыць, як ні дзіўна, мужчыне. Гаварлівага мужчыну завуць Мікаэль Іонес, ён швейцарац.

“Першынство свету па балбатні” праходзіла ў Швейцарыі. Спачатку здавалася, што пальма першынства застанецца за жыхаром Заходняй Германіі, але на зыходзе 141 гадзіны спаборніцтваў ён ледзьве не страціў прытомнасць, і яго спешна завезлі ў бальніцу.

Застаўшыся без небяспечнага саперніка, швейцарац Іонес працягваў гаварыць і не толькі пабіў сусветны рэкорд (135 гадзін), але намнога палепшыў яго: 155 гадзін няспыннай балбатні.

ЗАМЕСТ ВУДАЧКІ – АМІЯЧНАЯ ВАДА

Вырашыў жыхар вёскі Ганчары Вішнеўскага сельсавета Мартуновіч налавіць рыбы. “Навошта тая вудачка?” – падумаў ён.

Неўзабаве ў прыток Беразіны была выліта аміячная вада. Браканьер атруціў вялікую колькасць рыбы, за што аштрафаваны на 25 рублёў.

Такое ж пакаранне заслужыў і Ганчарык з вёскі Замасцяны Сакаўшчынскага сельсавета. Ён лавіў рыбу трыгубіцай. Бралі з яго прыклад і браты Марчыкі з вёскі Кражына, якіх таксама аштрафавалі.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий