КЛЮЧЫ НА ШЧАСЦЕ…

Официально

Чарговы дом сацыянальга тыпу здадзены ў эксплуатацыю ў горадзе Валожыне.

У Валожыне перад навасёламі расчыніў дзверы новы сацыяльны жылы дом на 50 кватэр.

Дом размешчаны ў цэнтры горада. Жыць тут будуць у асноўным сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Пераселяцца сюды і некалькі гараджан са старога і аварыйнага жылля.

Дом падобнага тыпу – другі па ліку ў раёне. Першыя 40 бясплатных сацыяльных кватэр былі здадзены ў карыстанне ў 2010 годзе ў мікрараёне Сельгастэхніка райцэнтра. Будаўніцтва льготных “квадратаў” фінансуецца з бюджэту. Зараз для тых, хто стаіць на ўліку патрабуючых, будуецца 12-кватэрны жылы дом і ў аграгарадку Ракаў. Усяго ж па раёне ў чарзе на сацыяльнае жыллё – больш за 200 чалавек.

Новую пяціпавярхоўку за некалькі месяцаў узвяло прыватнае будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства “Антас-буд”, дырэктар якога С. П. Шчэрбітаў. На яе будаўніцтва было выдаткавана 20 мільярдаў рублёў. Большасць кватэр – аднапакаёвыя: ад 33,8 да 43,4 квадратных метраў. Маладыя людзі, што паспелі абзавесціся сям’ёй, атрымалі “двушкі” па 51,9 квадрата.

Многія перасяленцы да гэтага жылі ў цеснаце, некаторыя дзясяткі гадоў туліліся ў аварыйных хацінах. Таму навасёлы з вялікай радасцю ўспрынялі новую жылплошчу: утульныя пакоі, лоджыі, шклопакеты на вокнах, у кватэры – гарачая вада, падведзены прыродны газ. Шчасце ж атрымаць сваю кватэру ў 19 гадоў?! І як радасна 79-гадовай адзінокай бабулі нарэшце пераехаць у цёплы, камфортны пакой і карыстацца ўсімі камунальна-бытавымі выгодамі!

…Пасля ўручэння ключоў ад кватэр, некаторыя навасёлы па народным павер’і за парог свайго жылля першым пусцілі ката: каб прынёс удачу і забраў усю адмоўную энергію. Калі верыць народным прыметам, то кватэры  ў сацыяльным доме будуць поўныя ўсякага дабра: як раз перад афіцыйнай здачай жылога дома ў эксплуатацыю прайшоў шчодры жнівеньскі лівень. А дождж на наваселле – да шчасця і дабрабыту.

Алена ПАШКЕВІЧ.

На здымку: Анатоль Аліеў, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, уручае шчаслівым навасёлам доўгачаканыя ключы.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий