Прадстаўляем аўтара:

Культура

Іван Ляўковіч – жыхар горада Шчучына Гродзенскай вобласці. Нарадзіўся ён на Валожыншчыне. Повязь з малой радзімай не страціў, з задавальненнем чытае «Працоўную славу». Нядаўна на наш адрас прыйшло пісьмо, у якім І. Ляўковіч расказаў пра перажытае ў дзяцінстве ваеннае ліхалецце.

НА НЕБЕ НЕ БЫЛО НІ ВОБЛАЧКА

З ранку дзень абяцаў быць гарачым. На чыстым, блакітным небе не было ні воблачка. З нагоды нядзелі ў вёсцы цяжкой работай ніхто не займаўся, таму цішыню не парушаў ні стук сякеры, ні гукі пілы. Я з братамі, а было нас у сям’і пяцёра, гулялі на дварэ. Тата назіраў за намі, а мама пасвіла кароў на выгане. Цяпер, калі прайшло шмат дзесяцігоддзяў, мне здаецца, што ў паветры ўжо адчувалася нешта небяспечнае.

Недзе гадзін у дзевяць з неба пачаў нарастаць гул. Потым паказаліся чорныя кропкі, якія раслі аж пакуль не ператварыліся ў аэрапланы з крыжамі на крылах.

Самалёты накіроўваліся ўбок Ракава і Мінска. Потым на нашых вачах разгарэўся паветраны бой: нямецкія знішчальнікі атакавалі савецкі самалёт. Пазней мы даведаліся, што той самалёт быў збіты каля Пяршаяў, а лётчык загінуў. Былі ахвяры і сярод мірнага насельніцтва. Аўтаматныя чэргі з неба абарвалі некалькі жыццяў, каля хутара Макрычаўшчына быў забіты пастух. Маці мая таксама трапіла пад абстрэл, але яна паспела схавацца ў канаве.

Не паспеў у паветры сціхнуць рокат самалётных матораў, як праз вуліцу папаўзлі калоны нямецкай тэхнікі. Гэтай смертаноснай армадзе не было канца да вечара. Мы, малыя, праз шчыліны ў плоце пазіралі на захопнікаў. У поўдзень немцы спыніліся на абед. Каля нашай сядзібы размясціліся дзве палявыя кухні. Над адной з іх высока ў небе плаваў прывязаны за канат дырыжабль.

Мы, дзеці, хутка асмялелі і нават наблізіліся да салдат. Яны частавалі нас цукеркамі. А адзін немец нават падарыў мне губны гармонік.

23 ЛІПЕНЯ Ў ДОРАХ…

У 43-ім мне было ўжо дзевяць гадоў. 23 ліпеня ў разгар дня ў Доры ўварваліся фашысцкія карнікі. Вяскоўцы кінуліся хто куды. Бацька завёў нас у кусты Дзянісава балота. А тых, хто застаўся ў хатах, немцы выгналі на вуліцу і прымусілі ісці да царквы.

Сярод іх быў і мой равеснік, Іван Рудовіч. З яго расказаў я і даведаўся, што адбывалася далей.

«Людзі ў натоўпе гадалі, навошта іх гоняць у бок царквы. Хтосьці нават кінуў здагадку, што маліцца. Вырвацца было немагчыма – абапал ішлі ўзброеныя гітлераўцы, калі хто і спрабаваў уцячы, то таго штуршкамі і ўдарамі прыклада зноў вярталі ў строй.

На царкоўным двары ўжо стаялі вяскоўцы. Немцы пачалі заводзіць людзей невялікімі групамі ў царкву. Жанчына з немаўлём на руках пачала супраціўляцца. Тады фашыст выхапіў малое і шпурнуў яго ў натоўп, унутр царквы. Жанчына дзіка закрычала і кінулася за дзіцем. На ўваходзе людзі падалі ля парога, іх білі нагамі, цягнулі ў царкву за валасы.

Калі памяшканне напоўнілася, немцы ўнеслі два напоўненыя бітоны. Дзверы зачыніліся. У царкве каля алтара хадзілі мужчыны ў чорным адзенні, яны ўзнімалі ўгору царкоўныя харугвы і загадвалі нам усім каяцца і маліцца. Людзі зразумелі, што ім адсюль жывымі не выбрацца, пачалася паніка. Хтосьці адчыніў бітоны і крыкнуў: «Нас будуць паліць! Тут бензін!» Памятаю, як мяне гэта ўразіла. Не спалохала, а здзівіла: «Няўжо можна паліць жывых!..»

Людзі крычалі, мітусіліся, білі ў сцены і дзверы. Я таксама бегаў з кута ў кут. Нечакана на сцяне я нашчупаў нейкую клямку. Асцярожна націснуў, і адчыніліся дзверцы, схаваныя за чорнай анучай. За дзверцамі аказаўся невялічкі цёмны пакой. Сонечнае святло ледзь пранікала аднекуль зверху. Я зайшоў, адчуў босымі нагамі драўляную падлогу. Тут раптам адна дошка правалілася. Я пачаў ірваць дошкі, і хутка пад імі адкрыўся тунель. Я нырнуў у яго і хуценька папоўз далей ад страшнага месца. Праз некаторы час да слыху данёсся плёскат вады, а ў далечыні заблішчала дзённае святло. Потым аказалася, што гэта праз шчыліны царкоўнага падмурка прабіваюцца сонечныя промні. Здзіраючы да крыві, пазногці, я пачаў выдзіраць камень, які, як мне падалося, ледзь трымаўся ў кладцы. Камень і сапраўды выпаў і ціхенька пакаціўся бур’янамі ўніз, да ракі.

У той праём кінуўся і я і аказаўся на волі. Недзе з другога боку царквы даносілася чужая гаворка. Я ляжаў у траве, баючыся варухнуцца.

Здрыгануўся толькі тады як разам ударылі ўсе царкоўныя званы. У царкве крычалі і галасілі. Да гэтага шуму далучыліся два глухія, але досыць моцныя, быццам бы з вялізазнай помпы, паветраныя выбухі.

Я выбраўся са схованкі і зірнуў на царкву, але нічога не ўбачыў з-за чорнага, едкага дыму. Дабраўшыся сенажаццю да рэчкі Доранкі, схаваўся на беразе і зноў зірнуў туды, дзе ўжо трашчала вогнішча. Там праз густыя клубы дыму прабіваліся жоўтыя языкі полымя, час ад часу раздаваліся адзінкавыя выстралы, паступова людскія крыкі пераходзілі ў стогн… Дым плыў угору, а палаючая царква напамінала вялізную запаленую свечку».

Іван Рудовіч адзіны, каму ўдалося вырвацца з таго пекла. Усяго ж 23 ліпеня 1943 года ў Дорах было спалена 106 жыхароў. Наш хутар стаяў воддаль ад вёскі, але і яго спалілі немцы. Разам з будынкамі згарэлі два мае малодшыя браты і сястрычка.

Іван ЛЯЎКОВІЧ.

 



Добавить комментарий