ГАСПАДЫНЯ ХАТНЯГА МУЗЕЯ

Культура

Радавацца прыгажосці – шырокараспаўсюджаная ўласцівасць, а вось ствараць яе могуць адзінкі. Тут ужо патрабуюцца асаблівыя якасці: талент, густ, жаданне і ўменне працаваць. А калі да гэтага далучыць яшчэ і спецыяльную адукацыю, то вынік можа атрымацца выключным па сіле эмацыянальнага ўздзеяння.

Адразу трапляеш у палон моцнага захаплення, калі заходзіш на падворак пенсіянеркі з хутара Ляшчоўцы М. І. Пратасевіч-Русовіч. Паўтара дзясятка гадоў таму яна развіталася з Пяршайскай школай, дзе выкладала маляванне і чарчэнне. Марыя Іосіфаўна – не дылетант творчай справы, а дыпламаваны спецыяліст, у свой час скончыла Віцебскі педагагічны інстытут, а потым, як гаворыць сама, “усё жыццё атрыманыя веды адточвала на практыцы”.

Падлічыць мастацкія сюрпрызы, што размясціліся на падворку, з першага разу не ўдасца – саб’ешся. Большасць драўляных фігур – натуральныя, амаль без ручной апрацоўкі, хіба што дапоўненыя невялікімі дэталямі. Які ж трэба мець востры погляд, каб у перапляценні карэньчыкаў ці галінак выхапіць постаць гуллівага жарабяці, спалоханага аленя ці задзірыстай малпы! Каля плоту, узяўшыся за рукі «шыбуюць» ад гаража дзве імклівыя постаці з кошыкамі. Прыгледзішся – і стрымаць усмешку не ўдасца, бо гэта адпілаванае голле, толькі пастаўлена вертыкальна.

Двор Марыі Іосіфаўны напоўнены кветкамі. Здаецца, усе віды півоняў, якія толькі існуюць на свеце, прыпісаліся ў гэтым палісадніку, побач – царства разнастайных ружаў. Трэба аддаць даніну павагі і гаспадару – Станіславу Антонавічу. Падворак іх не самы прыдатны для земляробства: пагоркі ды калдобіны. Без дужых мужчынскіх рук не абысціся.

Сярод буйства фарбаў і фантазіі высіцца незвычайны дом-церам з цокальным паверхам, з мансардай. Будаваў яго перад самай вайной бацька Марыі Іосіфаўны. Вялікім зрабіў наўмысна, каб чатыры сыны з сем’ямі тут маглі размясціцца. Ды загінулі хлопцы…

Інтэр’ер дома таксама нясе адбітак таленавітых рук. На кутах – абразы, умела напісаныя гаспадыняй, на сценах – саматканыя дываны, аўтарскія карціны. Люстэрка акантавана, бы ў золата, саламянай рамай работы зноў жа Марыі Іосіфаўны. Прыхожая, рассоўныя дзверы на кухні размаляваныя пад беларускі восеньскі лес.

Фарбы самыя разнастайныя, як таго патрабуе прынцып рэалізму, але ўсё ж залацістыя адценні пераважаюць.

Работы М. І. Пратасевіч-Русовіч пранізваюць сэрца, іх прыпамінаеш пасля і раптам разумееш: а золата, што ў душы бліжняга, мы таксама не заўсёды распазнаём! Хочацца яшчэ раз прыехаць у госці да Марыі Іосіфаўны, пагутарыць, паглядзець карціны і навучыцца цаніць чалавека па яго сапраўдных вартасцях…

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий