КАЛІ РУКІ ДОБРА МЫЦЬ, ТО ЖЫВОТ НЕ ЗАБАЛІЦЬ

Общество

Вострых кішэчных інфекцый можна пазбегнуць, калі не забывацца пра некаторыя простыя правілы. Ужо набываючы прадукты ў магазіне звярніце ўвагу на тэрмін іх рэалізацыі, адсартуйце тыя, што можна ўжываць сырымі і тыя, што патрабуюць прыгатавання.

Зяленіва, садавіну і гародніну старанна прамывайце астуджанай гатаванай вадой. Не рабіце вялікіх запасаў, каб прадукты не псаваліся, перад іх ужываннем пераканайцеся, што яны не пачалі псавацца.

Гатуючы ежу памятайце, што мяса, птушка, яйкі, марскія прадукты часта з’яўляюцца носьбітамі патагенных мікраарганізмаў. Таму іх неабходна добра праварыць ці прасмажыць.

Прыгатаваную ежу захоўвайце пры пакаёвай тэмпературы не больш за дзве гадзіны. Ды і ў халадзільніку летам прадукты нельга трымаць вельмі доўга. Дзяцей жа наогул лепш карміць толькі свежай ежай. Пазбягайце захоўваць побач сырыя і прыгатаваныя прадукты, таму што нават правільна прыгатаваная ежа можа забрудзіцца ад дотыку з сырымі прадуктамі.

Не забывайцеся часцей мыць рукі. Падтрымлівайце чысціню на кухні. Захоўвайце ежу ад насякомых, грызуноў і іншай жывёлы. Пажадана трымаць усе прадукты ў ёмістасцях са шчыльнымі накрыўкамі.

Піце толькі чыстую ці гатаваную ваду. Не купайцеся ў тых вадаёмах, дзе гэта забаронена з-за забруджанасці.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг ДУ«Валожынскі райЦГіЭ».

 



Добавить комментарий