ДОМ, ЯКІ СЭРЦУ БЛІЗКІ…

Культура

Галіна Уладзіміраўна РАМАНОВІЧ, як, напэўна, і многія жыхары Брылькоў, у свой час працавала на масласырзаводзе. А муж быў трактарыстам у тагачасным калгасе “17 верасня”. Рукі гэтай жанчыны прывыклі да спрадвечнай працы. Таму і на пенсіі не сядзіць без справы. Стараецца прыхарошыць сядзібу. Сваімі ідэямі па добраўпарадкаванні падахвочвае яе і сын Уладзімір. Жыве ён у Валожыне, таму амаль штодня наведваецца ў бацькоўскі дом. Летась фасад жылога памяшкання уцяпліў, атынкаваў, а на канчатковай стадыі работы будынак вырашылі пафарбаваць у белы колер. Сядзіба адразу пасвятлела, памаладзела.

…У палісадніку шмат кветак, на металічных апорах стаяць дэкаратыўныя ліхтары. Дзеля прыгажосці сын уставіў у іх яшчэ і міні-свяцільнікі на батарэйках, якія вечарам, нібы светлячкі, ажыўляюць двор.

Што сын вырасце “прагным да працы”, маці адчувала яшчэ з яго дзіцячых гадоў. Муж працаваў экскаватаршчыкам. Сын Валодзя па сваёй ініцыятыве заўсёды падтрымліваў тэхніку ў ідэальным выглядзе. Маці ўспамінае: “Так вымые, так адмалюе трактар, што ён зазіхаціць, як цацка. Хлапчуком-школьнікам ён любіў за ваколіцу пад’ехаць разам з бацькам. Вернецца дадому, а вочы аж гараць ад радасці. Так моцна цягнула яго да тэхнікі!”

Скончыў школу – паступіў у мясцовае прафтэхвучылішча. Цяпер ужо шмат гадоў працуе трактарыстам у доследным лясгасе. Ён сентыментальны па натуры чалавек. Можа таму, што стаў шматдзетным бацькам, і кожнаму з чатырох дзяцей патрэбны клопат, увага і ласка. А добры, спагадлівы характар сфарміравала, відаць, і любоў да прыроды, да прыгажосці. Ён змалку клапаціўся, каб было хораша ля хаты. Г. У. Рамановіч прыгадвае, як падлеткам Уладзімір пайшоў за некалькі кіламетраў за саджанцамі бяроз, рабіны. Пасадзіў тыя дрэўцы на бацькоўскай сядзібе. Цяпер праз гады яны выцягнуліся аж да неба. Маці ў пагодлівы летні дзень сядзіць на ганачку і любуецца зялёнай алеяй, якую некалі пасадзіў сын…

Так склаўся лёс, што Уладзімір стаў яе асноўнай апорай. Ёсць і дачка, але яна жыве ў Ракаве. І наведвацца ў родную вёску можа толькі зрэдку, пераважна ў выхадныя дні. Дзеці, а таксама чацвёра ўнукаў шчыра клапоцяцца пра сваю матулю, бабулю. Але яна таксама “храбрыцца”, не паддаецца старасці. “Пад лапатку памаленьку” штогод садзіць градкі, вырошчвае абавязкова і 10 сотак бульбы. Сама завіхаецца і на зборы ўраджаю ў восень. Хоць ужо два гады не трымае свіней, але бульбяны надзел ніяк не адважыцца зменшыць. Праца на агародзе для яе – гэта паратунак ад аднастайных, сумных будняў адзінокай пенсіянеркі. Вёска ўжо даўно змяніла свой ранейшы лад жыцця. У хатах цяпер пераважна адзінокія людзі ды дачнікі. Раней за вёскай быў прасторны выган, ён поўніўся шматлікай жыўнасцю. Кароў па некалькі трымалі на кожнай сядзібе. І авечак разводзілі,  ды і конь у многіх вяскоўцаў быў свой. Але паціху і прыгарадная вёска “ўрбанізавалася”. Цяпер тут пульс жыцця запаволіўся. І ніколі ўжо, відаць, Брылькі не вернуцца да таго паўнакроўнага сялянскага жыцця, калі ў кожнага была моцная, вялікая прыватная гаспадарка. Карэнныя жыхары балюча перажываюць, што так здарылася. Яны адчуваюць: што былое страчана ўжо назаўсёды. Дарослыя дзеці, будучы ўжо на пенсіі і пакінуўшы гарады, вяртаюцца ў родныя хаты не дзеля працы, а больш для адпачынку, для магчымасці жыць у гармоніі з прыродай.

Мяняюцца не толькі вёскі. “Інакшымі – заўважае  Галіна Уладзіміраўна, – становяцца і лясы. Раней яны былі сонечнымі, ураджайнымі на грыбы і ягады. А цяпер ператварыліся ў непралазны гушчар”.

Мая субяседніца ўспамінае, як “уздоўж і ўпоперак” яна некалі “сходжвала” бары, што за Сакавішчам. Дадому штораз вярталася з поўнымі кашамі крамяных грыбоў ці вёдрамі спелых, духмяных ягад. Хоць Г. У. Раманоўская ўжо даўно на пенсіі, ёй ідзе ўжо 74 год, аднак па-ранейшаму яе настойліва цягне на бацькаўшчыну ў Сакавішча, дзе некалі нарадзілася. Дом у спадчыну аформіла яе родная сястра, якая жыве ў Мінску. Галіна не настойвала на сваёй законнай долі, бо ёй “хапае ўсяго і ў Брыльках”. Але ўсё роўна ў роднае Сакавішча не забывае дарогу. Часта наведваецца ў родны кут. Сэрца сваё тут пакінула назаўсёды! Адчувае: і сын шчыра любіць бацькоўскі дом у Брыльках. Таму цешыцца маці: гэта сядзіба ніколі не састарыцца. Клапатлівы гаспадар не дазволіць, каб хату, дзе некалі вырас, знядужаў час. А вяртацца ў родны дом заўсёды прыемна! Міжволі адчуваеш: душа пяе ад спаткання з нечым дарагім, ад спаткання з тым, што баішся страціць назаўсёды…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий