ВАЛЯР’ЯН І «ВАЛЯР’ЯНЧЫКІ»

Культура

Найперш у гэтым двары маю ўвагу прыцягнула шпакоўня, зробленая па прынцыпу дупла. Такія ўжо рэдка можна ўбачыць, цяпер усё больш з дошчачак збіваюць. А тут, як прывітанне з даўніны – круглая, заімшэлая, з задзірыстым сучком ля лятка. Якім жа было здзіўленне, калі гаспадар сядзібы Валяр’ян Канстанцінавіч Юсцік расказаў, што шпакоўня сучасная, залетась адшукаў у лесе дуплаваты кавалак дрэва, падбіў днішча, вось і выйшла добрая хатка для пярнатых…

– Шпакоўню добра відаць з акна ў маім пакоі, – далучаецца да размовы дзевяцігадовая Паліна. – Узімку ў ёй жывуць вераб’і. Шпакі як прылятуць, то пачынаецца паміж імі бойка. Толькі пух ляціць! Але шпачкі большыя і, відаць, дужэйшыя, бо кожны раз перамагаюць. Сёлета ў іх шмат птушанят вывелася…

Дзяўчынка аказалася цікавай субяседніцай. Яна зусім не імкнулася перацягнуць усю ўвагу дарослых на сябе, як гэта часам робяць нявыхаваныя дзеці, а проста ад душы жадала перадаць новаму чалавеку тую часцінку радасці, якую зведала сама, назіраючы за паводзінамі птушак.

Радасць і прыцягальнасць зыходзілі і ад самой дзяўчынкі. Адны валасы яе чаго вартыя! Густая кіпа колеру спелай збажыны, якую лёгкай барвовасцю пацягнулі промні нізкага, вячэрняга сонца…

– Ну а бацькам ты дапамагаеш? – пытаюся ў дзяўчынкі, каб пачуць з вуснаў малой яшчэ што-небудзь.

Палінка трохі саромеецца, апускае долу малюсенькі, бы ў фарфоравай лялькі носік і прызнаецца, што работай яе бацькі пакуль што не загружаюць. А потым успомніла, як сёлета спрабавала самастойна гаспадарыць:

– Я пабудавала маленькі домік. Пасадзіла вакол яго грады. Але нічога не вырасла – куры ўсё здзерлі. А потым карова рогам падкінула мой домік і патапталася па ім.

І хоць гісторыя выйшла трохі сумнай, Палінка ўсміхаецца. Чаго ж гараваць? Лета яшчэ не скончылася, заняткаў цікавых хопіць.

Надышла пара пазнаёміцца з Ірынай Уладзіміраўнай, мамай Палінкі

І як толькі гэтай жанчыне часу на ўсё хапае? Дзве каровы, цяляты, свінні, куры, а кветак колькі пасадзіла! Працуе настаўніцай у Суднікаўскай школе. Летам, вядома, педагогам работы менш. Але ж і не кожны вясковы настаўнік рашаецца трымаць такую гаспадарку. Сакрэт сям’і Юсцікаў просты – усе хатнія клопаты вырашаць разам. Тым больш што працоўны графік у іх супадае: Валяр’ян Канстанцінавіч таксама школьны работнік, ён – вадзіцель аўтобуса.

Калі маленькая Палінка яшчэ слабая памочніца, то сыну Юрыю, дзевяцікласніку, ужо можна шмат чаго даверыць. Ён нават агарод на трактары самастойна ўзараць можа, пад наглядам бацькі, зразумела.

Юрый аказаўся не такім гаваркім, як сястра, і паводзіў сябе разважна, па-мужчынску. Ды і занятак меў – ладзіў вуды. «Прачытаў у Інтэрнэце, што заўтра не так горача будзе. Дык можа трохі злаўлю што…» – падзяліўся планамі падлетак.

Не магу пагадзіцца з класікам, які сказаў, што ўсе шчаслівыя сем’і падобныя… Вось і прыклад Юсцікаў паказвае, што не заўсёды трэба ісці тым шляхам, які модны, сучасны. Яны не рваліся ў горад, як гэта прынята сярод моладзі зараз, не цураюцца жыць у згодзе з вясковымі традыцыямі. І дзеці іх растуць прыгожымі і разумнымі можа якраз таму, што не замураваныя ў «каменных джунглях». Ім можна толькі па-добраму пазайздросціць і пажадаць, каб тая самабытнасць, якой шчодра адораны кожны з Юсцікаў, не страцілася.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий