ЖОЎТЫЯ ЧАРАВІЧКІ ДЛЯ СТАСІКА

Культура

Людзям уласціва ідэалізаваць мінулае, а яшчэ кожнаму хочацца мець за душой нешта, чым можна ганарыцца. Толькі прымаўку “сава не народзіць сокала” народная мудрасць вывела не на пустым месцы.

Наступная гісторыя – праўдзівая, без прыкрасы, яна даўно прасілася на паперу. Але канчаткова “выспела” пасля таго, як удалося адшукаць яе праекцыю на дзень сённяшні.

…Пасля Першай сусветнай вайны, “мікалаеўскай”, людзі атрымлівалі гуманітарную дапамогу. Дастаўлялі яе з-за акіяна па лініі Чырвонага Крыжа. Загружаныя вазы пакідалі ў вёсках, а жыхары ўжо самі між сабой дзялілі рэчы.

Атрымалі “гуманітарку” і ў Бомбалах. Каму даверыць дзяльбу, доўга не раіліся: вядома, Антолі Казаковай! Хоць і маладая, але разважная, справядлівая.

…Калі Антось Казак першы раз убачыў чарнявую Антолю Маразоўскую з Поцяў, то не мог адвесці ад яе вачэй. Да гэтага моманту ён лічыў, што толькі бялявыя і сінявокія дзяўчаты могуць быць прыгожымі. А тут раптам такое незвычайнае хараство! А спявае як!

Сватам з Бомбалаў у Поцях не вельмі абрадаваліся. Стары Маразоўскі, бацька Антолі, заўпарціўся: “Не аддам! Маладая вельмі! Найперш старэйшых дачок трэба замуж выдаць! Хочаш жаніцца – бяры большую, мае дзеці не салома, каб ты іх перабіраў…”

Але сямнаццацігадовая Антоля нечакана і сама пачала прасіць дазволу на замужжа. Бацька раззлаваўся яшчэ больш, што не па-ягоным плане справа павярнула, і не стрымаў горкі папрок: “Ідзі! Хай ты не разжывіся…” Як жа ён потым дакараў сябе за гэтыя словы!

Антось і Антоля жылі дружна, у згодзе. Калі закончылася вайна, былі ў іх дзве дачушкі, Марыля і Броня, і паўтарагадовы сынок Стасік. Антось вельмі кахаў сваю Антольку, калі выпадала магчымасць купіць які-небудзь гасцінец, то ён хутчэй падумае пра жонку, чым пра дзяцей.

Падзяліўшы “гуманітарку”, Антоля вярнулася дадому, стомленая прысела на лаву, побач паставіла малюсенькія, бы цацачныя, жоўтыя чаравічкі.

– Ай, якія харошанькія, смешныя! – наперабой зашчабяталі дзяўчаты. Антось таксама прыцмокваў губамі разглядаючы навінку: “Гэта ж трэба, і ранты, і каблук, а скура якая штыўная! Цаны б ім не было, каб памер сапраўдны… А што прынесла з таго вазка нам?

– Дык вось іх і прынесла. Усе круцілі чаравічкі ў руках, але ніхто не пазарыўся. Вядома, якая з такіх малюсенькіх карысць. Кожнаму хацелася бурнос атрымаць, ці адрэз на сукенку. Людзі ледзь не біліся, каб што лепшае ўхапіць, і гэтак цешыліся, дзякавалі, калі я дагаджала ім з выбарам. А мы ж з табой не самыя бедныя. Абыдземся неяк…

Пакрытыкаваў Антось жонку, што пра іншых клапоціцца больш, чым пра сябе, ды і перастаў. А жоўтыя чаравічкі акурат па Стасікавай ножцы аказаліся. Абуюць бацькі сыночка ў абноўку ды цешацца на яго нясмелае тупанне па падлозе. І так ім абаім весела! Хіба хустка якая ці нагавіцы маглі бы столькі радасці выклікаць?

Але хутка смех у доме Казакоў сціх надоўга. Памёр Стасік. Узялі яго бацькі з сабою на вяселле. Госці прыгожае дзіця з рук на рукі перадавалі, на жоўтыя чаравічкі дзівіліся, відаць, нейкі вірус і прычапіўся да немаўляці. Стасіка пахавалі ў тых жоўтых чаравічках. Праз два гады, нарадзіўшы хлопчыка Вацю, памерла і Антолька, не дажыўшы і да 29 гадоў. Усе Бомбалы шкадавалі яе і памяталі яшчэ доўга-доўга, ды і ў суседніх вёсках таксама. Неяк у Калдыках Юзюк Саевіч успамінаў, што старыя людзі гаварылі “спяваюць, як Антось з Антоляй”, г. з. вельмі хораша, зладжана.

Ваця вырас без маці і жыў доўга. Яго ўнука, праўнука той цудоўнай Антолькі, начальніка Валожынскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алега Іванавіча Скадорву, ведаюць усе валожынцы. Ведаюць як добрага чалавека, выдатнага спецыяліста, які карыстаецца павагай і аўтарытэтам у падначаленых. Відаць, добрыя гены атрымаў у спадчыну.

Цяпер няхай ведае ад каго, як і гісторыю пра жоўтыя чаравічкі…

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий