ПАКЛАПАЦІЦЕСЯ ПРА ГРОШЫ

Закон и порядок

– Ало, міліцыя? У мяне з картачкі прапала ўся палучка! Дапамажыце вярнуць! – такія тэлефонныя званкі ўсё часцей раздаюцца ў дзяжурнай часці РАУС. З пачатку года па вобласці зарэгістраваны больш за 150 падобных фактаў. Потым высвятляецца, што пацярпелыя самі далі магчымасць злодзею ўчыніць крадзеж з пластыкавай карткі.

Злачынства найчасцей адбываецца па наступнай схеме: грамадзянін губляе картку або забывае яе ў банкамаце. Зламыснік заўважае на зваротным баку карткі запісаны «на памяць» пін-код і, не доўга разважаючы, здымае з рахунка разявакі ўсе грошы. Часам злодзей крадзе кашалёк, у якім побач з карткай ляжыць паперка з пін-кодам. Далей  – паход да банкамата і зняцце наяўнасці.

Нярэдка дзейнічае і такая схема: грамадзянін паведамляе знаёмаму, суседу, калегу пін-код, дае картачку і просіць зрабіць якую-небудзь банкаўскую аперацыю, або набыць штосьці ў магазіне. Праз некаторы час той тайком забірае ў гаспадара картачку, здымае грошы і непрыкметна вяртае картачку на месца.

Каб падобныя гісторыі вас абмінулі, неабходна памятаць простыя правілы.

– ніколі не запісвайце пін-код на картцы!

– не насіце ў кашальку паперку з пін-кодам. Калі не давяраеце сваёй памяці, то ўнясіце яго ў мабільнік, або звярніцеся ў банк, каб вам далі новы пін-код, які вы не забудзеце: напрыклад, год нараджэння дзіцяці. Гэта простая працэдура каштуе ўсяго 10 тысяч рублёў.

– не перадавайце картачку прыяцелям, знаёмым і нават сваякам для здзяйснення пакупак. Не ўводзьце людзей у спакусу завалодаць вашымі грашыма!

– пры наборы пін-кода старайцеся, каб ніхто пабочны не мог яго бачыць.

– атрымаўшы грошы, не забывайцеся забраць банкаўскую картачку з банкамата!

– калі ж вы ўсё-такі страцілі пластыкавую картачку або яе ў вас укралі, то патэлефануйце ў банк і заблакіруйце яе. Затым звярніцеся ў міліцыю.

Калі вы выявілі, што з вашай картачкі зніклі грошы, нават невялікая сума, або на ваш мабільны прыходзіць СМС ад «адміністратара банка» з просьбай тэрмінова выслаць пін-код і рэквізіты карткі, напрыклад, для «аднаўлення рахунку», смела тэлефануйце «102». Чым хутчэй вы гэта зробіце, тым больш шансаў у супрацоўнікаў міліцыі высветліць абставіны і затрымаць зламысніка, а вам – вярнуць вашы грошы.

Артур МАХМУДАЎ,

начальнік аддзялення крымінальнага вышуку РАУС, падпалкоўнік міліцыі.

 



Добавить комментарий