КОЖНЫ ГРЫБ – НА КАНТРОЛЬ!

Общество

Сёлета былі даследаваны 48 проб грыбоў. 34 пробы аказаліся з перавышэннем дазволенага ўзроўню радыяцыі.

Грыбы з завышанай дозай цэзію-137 сабраны каля вёсак Дайнава, Скрундзеўшчына, Сівіца, Рудня, пасёлка Першамайскі. У баравіках радыяцыйны цэзій перавышаў дапушчальную норму ў 1,5-10 разоў, у лісічках – у 1,5-4 разы, у сыраежках – у 2-12 разоў, у курачках – у 25 разоў. Таму пераканаўча раю: усе сабраныя дары лясоў абавязкова здавайце на аналіз. Нават калі вы збіралі іх у зонах, якія не падвяргаліся радыеактыўнаму забруджванню. Неабходную інфармацыю можна атрымаць на сайце нашага лясгаса або па тэлефоне 55-0-93.

Па здольнасці назапашваць цэзій-137 грыбы умоўна можна падзяліць на 4 групы. Найбольш акумулююць радыяцыю курачкі, польскі грыб, казлякі, махавікі. Іх наогул лепш не ўжываць. Далей па здольнасці назапашваць радыяцыю ідуць грузды, ваўнянкі, зялёнкі, сыраежкі. Іх можна збіраць у адносна чыстых зонах, але абавязкова правяраць перад ужываннем. Лісічкі, радоўкі, падзялёнкі, баравікі, падбярозавікі, падасінавікі, смарчкі і рыжыкі ўваходзяць у групу сярэдняй здольнасці назапашваць радыяцыю. Найменш рыдыеактыўных рэчываў выяўляецца ў апенек, грыбоў-парасонаў, дажджавікоў, шампіньёнаў.

Знізіць радыецэзій у грыбах можна некаторымі кулінарнымі метадамі. Па-першае, гэта адварванне. Варыце грыбы ад 5-ці да 30-ці хвілін, пажадана тройчы памяняць ваду. Такім чынам можна зменшыць радыяцыю ў 8 разоў.

Пласціністыя грыбы можна вымочваць на працягу 2-3 сутак. ваду мяняйце кожныя 12 гадзін.

Сушаныя грыбы перад ужываннем таксама неабходна добра вымачыць, а потым працяглы час варыць у 2-3 водах.

Людміла ЧЭРНІК.

 



Добавить комментарий