Пастаментам нявыхаванасці для некаторых людзей сталі ў Валожыне лаўкі ў скверах і парках

Общество

У час камандзіроўкі ў Ракаў карэспандэнт раёнкі доўга вандравала па мястэчку ў пошуках цікавых герояў будучых публікацый. Праз некалькі гадзін мы дамовіліся сустрэцца ў вызначаным месцы. Калі рухаешся пешкі – хочаш не хочаш, а зморышся. А тым больш, што ў руках звычайна сумка, блакнот і прафесійны фотаапарат. “Ну, ці ўдалося сустрэцца з цікавымі людзьмі ў Ракаве?– запыталіся мы ў калегі, калі пад’ехалі, каб на рэдакцыйнай “Волзе” рухацца далей. Аказалася, што на цікавыя тэмы пашанцавала, але пакуль дабіралася ў цэнтр вёскі, міжволі дабавілася і яшчэ адна тэма. У вялікім Ракаве нідзе, акрамя аўтапрыпынку, няма лаўкі. Зморышся – прысаджвайся на бардзюр. А гэта ж аграгарадок! Тут нямала разнастайных сацыяльна-культурных, сервісных устаноў. У вёсцы і мясцовых жыхароў рознага ўзросту, і прыезджых заўсёды шмат, а элементарнага камфорту не стае.

Гэтыя ракаўскія “замалёўкі з натуры” прыгадаліся не выпадкова. Парк у мікрараёне Сельгастэхніка Валожына ніколі не пустуе. Тут любяць у цяні прысад адпачываць маладыя мамы з дзецьмі. Вечарамі “тусуецца” моладзь.  Згодна са стандартамі  добраўпарадкавання, у парку створаны мінімальны камфорт для гараджан. Прынамсі, тут пракладзены тратуарныя дарожкі, устаноўлены зручныя драўляныя лаўкі. Праўда, пра гэты факт, на жаль, ужо прыходзіцца гаварыць у былым часе. Летась пад цяністымі шатамі дрэў было 11 лавак сучаснага дызайну, дыхтоўных, трывалых. Па меркаванні дасведчаных асоб, мінімальны кошт адной такой лаўкі каля 1,5 мільёна рублёў. Але яны зніклі, нібы паветраныя шары, у невядомы напрамку. Цяпер тут сіратліва стаіць толькі адна лаўка. Падумала, можа іх перабазіравалі ў іншае больш люднае месца. Каб удакладніць, патэлефанавала ў жылкамунгас. Аказалася, ніхто прапіску лавак не мяняў. Выходзіць, што іх нахабна скралі. Агульная сума “прыхватызаванай” маёмасці склала мінімум 15 мільёнаў рублёў. Хто ж адважыўся добраўпарадкаваць уласныя сядзібы ці дачы за казённы кошт? Гэту акалічнасць, думаю, высвятляць работнікі праваахоўных органаў. Бо калі маўкліва патураць такім процізаконным дзеянням, то паціху-памалу і плітку тратуарную пачнуць на дачы вывозіць. Крадуць жа заўзята ў вёсках сетку-рабіцу. Адзін час гэта навала перарасла ў эпідэмію “прыхватызацыі”.

Жыву ў мікрараёне Сельгастэхніка. Праз парк часта іду на працу і вяртаюся дадому. Не скажу, на жаль, каб адпачываючыя клапатліва шанавалі створаны для іх камфорт. Лаўкі нярэдка перастаўлялі, нібы чаравікі, з месца на месца. То пад дрэвы завалакуць, то ўвогуле паставяць на цэнтр тратуарнай дарожкі. Стаялі гэтыя лаўкі, нібы на пратэзах, бо іх выдзерлі прама з глыбай цэментнай заліўкі. Адну лаўку штораз перамяшчалі пад казырок балкона суседняга сацыяльнага дома. Тут дружна курылі і хлопцы, і дзяўчаты, пагардліва раскідваючы акуркі вакол сябе, засыпаючы асфальт лушпіннем семак і ўпакоўкамі ад чыпсаў. Тую лаўку-вандроўніцу камунальнікі з зайздросным пастаянствам вярталі на сваё законнае месца. Цікава, ці надоўга затрымаецца ў парку апошняя адзінокая лаўка? Можа, на яе нехта таксама паквапіцца?!

Новыя лаўкі ўстаноўлены і на дзіцячай спартыўна-аздараўленчай пляцоўцы на вуліцы Чапаева. Аднак яны ўжо запэцканы рознымі нецэнзурнымі надпісамі, старанна нанесенымі маркерамі. Дождж не змывае, а сонца не так хутка выпальвае гэту крамсаніну.

Тут забаўляюцца дзеці, падлеткі, старшакласнікі. Некаторыя выкарыстоўваюць ненарматыўную лексіку. І дарослыя, праходзячы міма, не заўсёды робяць крытычныя заўвагі. Адзін мой знаёмы аднойчы паспрабаваў паставіць дзяцей на месца, а ў адказ атрымаў порцыю грубасці. Я таксама не прайшла раўнадушна, калі ўбачыла, як мажны хлопец нахабна ўзабраўся аж на спінку лаўкі. На нагах брудныя чаравікі, напэўна, 44 памеру, а ён дэманстратыўна паставіў іх прама на сядзенне. Прыструніла юнака такім чынам: “Зараз сфатаграфую для газеты. Няхай настаўнікі даведаюцца пра адсутнасць элементарнай культуры ў іх вучня-старшакласніка…” На гэту крытыку мой апанент высакамерна кінуў: “Якія яшчэ настаўнікі?! Я ўжо на другім курсе ўніверсітэта!” Ад такога прызнання мне зрабілася яшчэ больш балюча: вось гэта студэнт універсітэта…

Шмат пустазелля развялося цяпер не толькі на зямлі, а і ў душах людзей. Не выкараніш гэта зло, яно хутка размножыцца…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий