А Ў ВАЧАХ – КВЕТАК СІНЬ

Культура

Даўно зрабіла вывад, што жанчыны і ў глыбокай старасці чамусьці вельмі любяць, каб ля іх хаты ў пералівах сонца пеніліся яркімі фарбамі кветкі. Гэта прыгажосць, напэўна, напамінае ім пра светлую маладосць, якая незаўважна асыпалася лёгкімі пялёсткамі на далоні жыцця…

Баба Вера, хоць ужо і рухаецца толькі пры дапамозе двух паслужлівых кіёчкаў, аднак усё роўна знаходзіць час, каб амаль штодзень на працягу лета шчырым клопатам акружыць кветкі, што растуць у палісадніку ля жылога дома.

За гэтым заняткам мы засталі жанчыну ў час нашай камандзіроўкі ў Макараўку. Вера Арсенцьеўна, запрыкмеціўшы фотаапарат у маіх руках, тут жа стала папраўляць хустку на галаве, падсоўваць пад яе сівыя валасы, якія выбіліся на твар.

Вядома, жанчыны ў любым узросце імкнуцца быць прывабнымі! І яны, дзіўныя, ніяк не хочуць згадзіцца, што твар, пабіты глыбокімі маршчынкамі мудрасці і жыццёвай разважлівасці, – гэта найлепшая натура для мастацкага вобразу на палатне жыцця. На твары чалавека – святло імклівых гадоў, у вачах – уніклівасць і мудрасць.

За пачцівым узростам, як за дэкарацыяй няўмольнага часу, схавалася далёкае былое. Там, у мінулым, назаўсёды застаўся вобраз кволай, сарамлівай дзяўчынкі. Затым гэты вобраз  “дарос” да паважнай паненкі, а праз некалькі гадоў – да маладой нявесты. А самы працяглы, нават статычны вобраз – вобраз Маці. Да глыбокай старасці перш за ўсё з ім атаясамліваецца кожная жанчына…

Пра гэта думала я, гледзячы на спакойнае, лагоднае аблічча Веры Арсенцьеўны Зялкоўскай. Яны нарадзіла і выгадавала толькі адно дзіця – сына Віктара. Але ад  колькасці нашчадкаў статус сапраўднай  жанчыны наўрад ці залежыць! Сапраўдны мацярынскі інстынкт бярэ свой выток з сэрца! А ў маці яго заўсёды вялікае на спагаду, дабрыню, яно агортвае ласкай усё жывое. Таму і кветкі ў двары добра растуць і красуюць так дружна і хораша…

Вера Арсенцьеўна з 1932 года нараджэння. У яе памяць чорным болем урэзаліся ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну. Сям’я яе бацькоў тады жыла ў Белакорцы.  Многія хаты ў вёсцы немцы спалілі. Тутэйшыя жыхары туліліся доўгі час па лясах, а затым знаходзілі часовы прыстанак у сваякоў, знаёмых.

Гады ліхалецця яшчэ больш узмацнілі любоў да роднай зямлі, пакланенне сваёй Бацькаўшчыне. З роднай старонкай вяскоўцы баяліся разлучыцца, перажывалі, каб акупанты не вывезлі іх на прымусовыя работы ў Германію. Незразумелая нямецкая мова, якую чула дзяўчынка Вера, яшчэ тады зафіксавала ў яе свядомасці думку, што найлепш чалавеку толькі на роднай зямлі. І калі сёння многія з маладых шукаюць шчасця, эмігрыруючы ў іншыя краіны, бабка Вера на гэтыя праявы рэчаіснасці гаворыць проста і мудра: “Дай, Божа, дзеткі, са сваімі людзьмі гаварыць!..”

Не толькі вайна нарадзіла ў сэрцы гэтай вясковай жанчыны непрыняцце ўсяго чужога, але і гады доўгага жыцця навучылі яе глыбокай мудрасці, памяркоўнасці. Прафесіі гэта жанчына мела сціплыя. Была краўчыхай, затым аж да выхаду на пенсію працавала  прадаўцом у магазіне ў Валожыне.

Яна, як і ўсе вяскоўцы, сціплая, без вялікіх прэтэнзій і матэрыяльных запатрабаванняў. Бо напоўнена мудрасцю з кнігі жыцця, якое ўмясціла шмат падзей і  глыбокіх перажыванняў.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий