ТРЫ МУНДЗІРЫ ЗМІТРУКА

Культура

У канцы вёскі Савяцевічы пад старым вязам стаіць хата, якую ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя пабудаваў для сваёй сям’і Змітрук Трапашка. Даўно апусцела радавое гняздо, унукі і праўнукі страцілі сувязь са спадчынай, і толькі зрэдку, калі збіраюцца з нейкай нагоды разам, успамінаюць дзеда, якога маладое пакаленне бачыла толькі на фатаграфіях. Успамінаюць і не перастаюць здзіўляцца – колькі ж давялося яму перажыць!..

Першую ваенную выпраўку і загартоўку Змітрук спазнаў у Вільні, калі служыў у кавалерыі Войска Польскага. На той час ён ужо меў жонку і двух сыноў, але ад прызыву па сямейных абставінах тады не вызвалялі. Разам з ім служылі і іншыя савяцеўцы-суседзі, усе Трапашкі, бо гэта самае распаўсюджанае прозвішча ў вёсцы. У верасні 1939 года беларускія “добжы жолнежы” пра прысягу польскаму ўраду забыліся і рванулі паасобку або невялікімі групамі ў родны бок. Па дарозе дадому Змітрук спаткаў свайго пляменніка Алёшу Бацяна (у далейшым – славутага разведчыка, героя Расіі). Удвух яны і дабраліся да Савяцевічаў.

Амаль два гады пасля тых падзей адвёў Змітруку лёс на ціхае сялянскае жыццё. Шчаслівым той час назваць складана. Ад запалення лёгкіх памёр дзесяцігадовы сын Валянцін, якому настаўнікі прарочылі вялікую будучыню. Гэта быў хлопчык надзвычай здольны да навукі. Праз усё жыццё Змітрук успамінаў свайго першынца і плакаў па ім да апошніх дзён…

Потым была вайна. Змітрук, як і многія савяцеўцы, хаваў у сваім доме чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне, дапамагаў валожынскім яўрэям перабірацца ў партызанскія атрады. Пасля вайны адзін з тых яўрэяў працаваў у магазіне і заўсёды пакідаў “пад прылаўкам” тое-сёе дэфіцытнае для Змітрука ў знак падзякі за выратаванне.

Да 1944-га года галоўным клопатам простых людзей было перажыць фашысцкую навалу і выжыць любой цаной. Гучыць гэта не вельмі гераічна, але цалкам супадае з няпісаным законам выжывання чалавецтва. На франтах вяршылася гісторыя, а пад сялянскімі дахамі захоўваўся генафонд нацыі.

Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалася мабілізацыя ў Чырвоную Армію. Атрымаў павестку і Змітрук. Жонка Марыя Піліпаўна сабрала яму ў торбачку няхітрыя пачастункі, васьмігадовы сын Віктар намаляваў танк і самалёт на паперы і паклаў бацьку ў кішэнь на памяць. Гвардыі радавы Дзмітрый Раманавіч Трапашка быў накіраваны на 4-ы Беларускі Фронт.

Вось і згадзіліся яму ваенныя навыкі, атрыманыя ў Войску Польскім. Умеў акопы рыць, і выгадную пазіцыю для абстрэлу выбраць, і ў рукапашнай бітве не губляўся. Пасля вайны ён часта паўтараў: “Галоўнае, не пасці ў першым баі. Потым кулі як бы бокам абыходзяць. Надта шкода маладых “неабстрэляных”  хлопцаў, яны або бянтэжыліся пад шквалістым агнём, або праяўлялі неразумную браваду.

Змітрук таксама не быў “загавораны” ад кулі. Перад вялікай Перамогай у Празе атрымаў цяжкае раненне і кантузію. Як напамін аб тым, на ўсё жыццё застаўся ў яго на лобе вялікі гуз. Калі ўнукі пыталіся: “Дзед, а што там у цябе?” Ён заўсёды гаварыў, што бандыцкая куля. Усе ўспрымалі гэта як жарт, хаця, магчыма, стары салдат і не жартаваў…

З пераможнымі залпамі вайна для Змітрука і яго саслужыўцаў не скончылася. У Празе фашысты ігнаравалі акт аб капітуляцыі і працягвалі баявыя дзеянні. Шпіталь, дзе лячыўся Змітрук, трапіў у зону моцнага артылерыйскага абстрэлу. Многія параненыя, якія ішлі на папраўку, і здароўю якіх ужо нічога не пагражала, былі забітыя, гінулі маладзенькія медсёстры. Смерць хадзіла побач, даводзілася выносіць скалечаных, акрываўленых салдат… Не раз потым у мірны час Змітрук схіляў галаву ў пашане перад баявымі медсёстрамі, здзіўляўся небывалай мужнасці і вытрымцы дзяўчат. Бо тое, што даводзілася бачыць ім, не кожны мужчына мог вытрымаць…

Трэці раз апрануў Змітрук казённую форму ў 1950 годзе, калі ішло станаўленне калгаснай гаспадаркі. Па даносу мясцовага брыгадзіра яго арыштавалі, абвінавацілі ў палітычнай нядобранадзейнасці і саслалі на дзесяць гадоў у Кандалакшу. Праз тры гады, у сувязі са смерцю Сталіна, для лагерных вязняў аб’явілі амністыю. Радаваўся тады Змітрук не менш, чым у дзень Перамогі…

Яго ўзрост набліжаўся да пяцідзесяці гадоў, калі нарэшце жыццё наладзілася. У 1954 годзе сын скончыў дзесяцігодку, нарадзілася дачка. Змітрук пасадзіў сад, разам з жонкай займаўся агародніцтвам, працаваў так, як быццам бы хацеў дагнаць час, упушчаны на вайне і ў ссылцы. Пры выпадку любіў выпіць чарку гарэлкі і заспяваць разам з братам Федзем даўнейшыя песні, асабліва атрымлівалася ў іх валачобная “Віно зялёнае”…

Алена ЗБІРЭНКА,

унучка Змітрука.

 



Добавить комментарий