ШКОЛА СТАЛЕННЯ

Молодежный курьер

Для вайскоўцаў з 1-га супрацьпаветранага дывізіёна, што размясціўся непадалёку Гіравіч, назвы Ашулук і Цэлембах – сінонім экзамену. Менавіта ў гэтых мясцінах азіяцкай часткі Расіі размяшчаюцца палігоны, на якіх праводзяцца баявыя стрэльбішчы зенітных сістэм, практычныя выпрабаванні зенітна-ракетнага ўзбраення.

У пачатку жніўня адбыліся чарговыя вучэнні на палігоне Цэлембах. Нашы зенітчыкі прадэманстравалі там выдатную баявую падрыхтоўку.

У Цэлембах, як у той песні пяецца, «только самолётам можно долететь…». А доўжыўся палёт восем гадзін.

Разлік афіцэраў і радавых зенітнай часці з-пад Гіравіч не першы раз прывозіць з вучэнняў пасведчанне аб высокапрафесійным авалоданні тэарэтычнымі і практычнымі навыкамі. Папярэднічае поспеху шматдзённая падрыхтоўка на трэнажорах. Заняткі праходзяць не толькі на ўласнай тэрыторыі, але і ў падмаскоўным горадзе Руза.

Сёлета ўмоўнага паветранага праціўніка даручылі суправаджаць радавому Арцёму Смірнову. Камандаванне ўпэўнена, што хлопец не падвядзе: мае вышэйшую адукацыю, добра падрыхтаваны фізічна, не губляецца ў экстрэмальных сітуацыях, усю армейскую навуку схватвае «на ляту».

Арцём прызнаецца, што ад арміі і не думаў «адмазвацца». У войсках супрацьпаветранай абароны калісьці праходзіў тэрміновую службу і яго бацька. Ён любіў расказаць пра салдацкую выручку, кемлівасць і кожны раз паўтараў: «Толькі ў арміі становяцца сапраўднымі мужчынамі!»

Калі Арцём прыехаў на месца службы, то першым уражаннем было захапленне: якая прыгожая мясціна! Пазней даведаўся, што дыслакацыя дывізіёна батальёна выбрана не выпадкова. Менавіта тут другая па вышыні кропка ў Беларусі. Для тых, хто ахоўвае паветраную прастору, вельмі важна, каб усё наваколле было бачна як на далоні.

У гутарцы з салдатам тэму дому абмінуць складана. Арцёму таксама сняцца родныя сцены, мама, сябры – усё, што складае гэта святое паняцце – Радзіма…

Бацькі прыязджалі да сына ў госці. Калі мама запытала, што смачнае прывезці з дому, Арцём папрасіў «лахардзікі», так яго бабуля, што жыве каля Баранавічаў, называе розныя салодкасці. Цікава, што слова лахардзікі ведае і намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце маёр Сяргей Літвінаў, аказваецца ў іх на Полаччыне таксама так гавораць.

Камандзіроўка на палігон для правядзення вучэнняў і для радавога Арцёма Смірнова, і для камандзіра дывізіёна маёра Уладзіміра Галяка, і для старшага лейтэнанта Яўгена Арсяновіча, а таксама для ўсіх іншых, хто ўваходзіць у склад разліку – сур’ёзная справаздача, да якой рыхтаваліся год. Жаданне апрабаваць уменне на практыцы выціснула хваляванне. Ды і чаго хвалявацца? Кожны да драбніц ведаў сваю задачу, таму ўсе цэлі збіты без промахаў.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий