“ЧЫРВОНАЕ СВЯТЛО” ПАРКОЎКІ…

Закон и порядок

Усё часцей на плошчы Свабоды райцэнтра можна ўбачыць такую карціну: супрацоўнікі ДАІ штрафуюць кіроўцаў, якія прыпаркавалі сваё аўто ў неналежным месцы, а дакладней – на прыпыначным пункце грамадскага транспарту. Такое месца пазначана жоўтай зігзагападобнай дарожнай разметкай. Спыняцца ў гэтай зоне, паводле Правіл дарожнага руху, маюць права толькі пасажырскія аўтобусы, а таксама аўтамабілі таксі. Аднак аўтааматары ўпарта ігнаруюць гэта патрабаванне. 

Цікава: вадзіцелі да таго нахабныя, што так упэўнена і ўсвядомлена парушаюць Закон альбо проста не ведаюць ПДР? Хутчэй і тое, і другое. Сустракаюцца аўтаўладальнікі, якія, не выбіраючы выразаў, бессаромна грубяць супрацоўнікам аўтаінспекцыі: маўляў, нам закон не пісаны. Аднак ёсць і такія, хто разгублена лыпае вачамі або даказвае сваю правату, абураючыся “неабгрунтаванай прыдзірлівасці даішнікаў”. Толькі ад штрафу ўвільнуць не атрымліваецца ні тым, ні другім.

Парушальнікам прыходзіцца расстацца з немалой сумай – 100 тысяч рублёў. Калі ж кіроўца на працягу года паўторна парушыў правілы прыпынку і стаянкі, ён атрымлівае штраф у 200 тысяч рублёў. Вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў і трактароў штрафуюць на 500 тысяч рублёў, а за паўторнае парушэнне – на 1 мільён.

Толькі штрафы сітуацыю, на жаль, мала змяняюць. Гарадскому аўтобусу часцей прыходзіцца спыняцца пасярод плошчы, а не на спецыяльна адведзеным прыпыначным пункце. А гэта адмоўна ўплывае на бяспеку дарожнага руху. Прыпаркаваныя шматлікія машыны абмяжоўваюць агляднасць дарогі, з-за аўто нечакана выскокваюць дзеці.

На плошчы Свабоды райцэнтра, акрамя дарожнай разметкі “Прыпыначны пункт маршрутных транспартных сродкаў”, ёсць яшчэ адна – “Нерэгулюемы пешаходны пераход”. На “зебры”, якая праходзіць праз усю плошчу, таксама не грэбуюць прыпаркавацца. Калі быць да канца справядлівым і выконваць ПДР, то, выходзіць, штрафаваць трэба большасць кіроўцаў, якія пакінулі свае аўто на плошчы. Стаянка, згодна з Правіламі, забароненая на пешаходных пераходах, на прыпыначных пунктах маршрутных транспартных сродкаў і бліжэй за 15 метраў ад іх у абодва бакі. Вось і атрымліваецца: хацелі, як лепш, а атрымалася, як заўсёды. Адсюль і выснова: нахабства мацнейшае там, дзе абарона слабейшая.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий