РУЧНІКІ СПЛЫЛІ?

Общество

У гарадскім універмагу, гаворачы словамі Жванецкага, «чаго толькі можа не быць – усяго можа не быць». Спатрэбіцца электралямпачка з малым цокалем ці воданагравальны вузел да газавай калонкі – не купіш. Па гузікі ў сталіцу трэба ехаць, за каляровымі ніткамі. Неабходная рэч на прылаўку можа з’явіцца, але тады, калі табе яна ўжо не патрэбна.

На гэтым тыдні зазірнула ў буйнейшую гандлёвую кропку раёна, каб набыць ільняныя ручнікі. Яны спатрэбіліся для вясельнага абраду маладажонам-масквічам. Вельмі хацелася ім мець гэты атрыбут менавіта са славутага беларускага лёну, у нашым народным стылі. За аўтэнтычнасць гатовы былі заплаціць немалыя грошы.

Прылаўкі не пуставалі, але патрэбнай рэчы ў асартыменце льняных вырабаў не было. Магчыма, іх раскупілі, бо што ні выхадны – то абавязкова нехта вяселле ў горадзе гуляе. Дапускаю таксама, што ручнікі адсутнічалі ў продажы толькі адзін дзень, а мне «пашанцавала» менавіта тады зайсці.

Чамусьці так «шанцуе» вельмі часта. Іншы раз ва ўнівермаг і ісці не хочацца, бо ведаеш, што дарма час страціш.

А прыгожыя ручнікі, работы майстра з Каменя, я ўсё ж купіла: адна знаёмая запаслася імі з выпадку.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *