КАНІКУЛЫ Ў ПАДНЯБЕСНАЙ

Молодежный курьер

Выпускніца СШ №1 горада Валожына, а зараз студэнтка-трэцякурсніца лінгвістычнага ўніверсітэта Анастасія Якутовіч нядаўна вярнулася з Кітая, дзе знаёмілася з жыццём равеснікаў.

Ужо год, як, акрамя англійскай мовы, Насця вывучае яшчэ і кітайскую. Яе поспехі ў авалоданні мовай вялікага ўсходняга народа не засталіся незаўважанымі. Як адну з лепшых студэнтак, яе запрасілі наведаць Шанхай і Паўднёва-Усходні ўніверсітэт у горадзе Нанкіне, які з’яўляецца адной з самых папулярных навучальных устаноў у азіяцкім рэгіёне. Вось якія ўражанні засталіся ў Анастасіі пасля паездкі:

— Я вельмі дамашні чалавек і ехаць у такую дарогу было няпроста. Але Азія захапляла мяне яшчэ са школы і ўпусціць шанс пабываць там, было б недаравальным. На здзіўленне, я нават не паспела засумаваць па доме, па бацьках. Ужо сам пералёт пакінуў шмат незабыўных момантаў. Перасадка была ў Арабскіх Эміратах, у горадзе Абу Дабі. Прыляцелі глыбокай ноччу, а на тэрмометры – сорак градусаў цяпла. Праўда, у будынку аэрапорта гэта не адчувалася. Там вельмі камфортна, а архітэктура такая незвычайная, што быццам бы на Марс трапіў! Мясцовыя жанчыны ў доўгіх чорных сукенках, твар закрыты. Такія «хадзячыя» коканы. З Абу Дабі да Шанхая ляцелі восем гадзін. Калі ў ілюмінатары паказалася акіянскае ўзбярэжжа, вялікі сучасны горад, то далягляд уразіў веліччу і прыгажосцю.

Спадабаўся мне і Нанкін (былая сталіца Кітая). Стаіць ён на берагах рэчкі Янцзы. Нас, студэнтаў з Мінска, пасялілі ў атэлі, які пабудаваны на ўзвышшы. Адтуль адкрываецца цудоўная панарама на горад. Ноччу, калі запальваліся агні, адарваць вачэй ад акна было немагчыма! Чырвонымі, зялёнымі, жоўтымі лямпачкамі зіхацелі велізарныя электрычныя драконы і маленькія папяровыя ліхтарыкі на балконах.

З першых хвілін знаходжання на кітайскай зямлі хацелася як мага больш запомніць, фотаапарат шчоўкаў без перапынку. У горадзе Нанкіне пражывае сем мільёнаў жыхароў. Многім здаецца, што ўсе кітайцы на адзін твар. Але гэта далёка не так. Яны вельмі розныя. І ніхто з іх не апранае фрэнчаў. З задавальненнем носяць нацыянальныя строі. Амаль не бачыла жанчын на абцасах, а вось абутак на платформе там яўна ў трэндзе.

У студэнцкім асяроддзі добрым густам лічыцца «прыкід» з эмблемай навучальнай установы. Сярод маіх кітайскіх аднагодкаў не сустракаліся ярыя фанаты якога-небудзь аднаго напрамку ў музыцы. А яшчэ яны здаліся мне больш апантанымі вучобай.

Беларуская прымаўка «на Бога спадзявайся, але і сам старайся» напісана быццам бы пра кітайцаў. Па веравызнанні яны будзісты, і рэлігійнае жыццё ў іх вельмі ўмоўнае. Яны больш вераць у сябе, у свае сілы, імкнуцца даць дзецям добрую адукацыю, бо лічаць, што гэта залог поспеху.

Здзівіла, што ледзь не кожны жыхар Нанкіна ведае англійскую мову. Не зусім дасканала, але пра простыя рэчы пагаварыць могуць. А вось калі загаварыць на іх роднай мове, то яны гатовы вас на руках насіць. Мяне і сяброўку кітайцы прымалі за амерыканак. А ўсё таму, што на нашых галовах былі шапкі-бейсболкі. Калі ж даведаліся, што мы беларускі, то дзівіліся, якія далёкія госці да іх завіталі. А нам было прыемна, што нашу краіну ведаюць і паважаюць. Запомніўся і такі факт: у заапарку мы фатаграфавалі пандаў, а кітайцы – нас. Так што давялося трохі пабываць у ролі экзатычных істот.

Найперш аб родным доме засумаваў страўнік. Дакладней, ён засумаваў па хлебе, якога ў Кітаі не выпякаюць. Там усё ядуць толькі з рысам. Стравы гатуюць вельмі смачныя, хоць, на мой погляд, і завострыя. Дома спрабавала прыгатаваць яечню з памідорамі па- кітайску, але атрымалася не зусім так. Магчыма, таму, што там гатуюць на кунжутавым алеі. Ён на смак падобны на сланечнікавы, але вельмі густы па кансістэнцыі. Давялося паспытаць новыя трапічныя плады. Асабліва запомнілася «драконавая садавіна». Гэта нешта накшталт ківі, толькі з чырвонай скуркай і белае ў сярэдзіне. Вельмі смачная рэч.

Грошы, якія брала з сабой, патраціла не ўсе. У Кітаі шопінг танны. Хапіла і на сувеніры, і на іншыя пакупкі. З прадаўцамі абавязкова трэба таргавацца. Інакш цябе прымуць за няветлівага чалавека. Цану такім чынам можна збіць удвая.

Калі атрымаецца, то буду рада працягваць вучобу ў магістратуры ў Кітаі. Адлегласць пры сучасных тэхналогіях – не перашкода. А вось узбагаціць сябе веданнем чужога менталітэту, культуры можна, толькі акунуўшыся з галавой у іх жыццё.

Запісала Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий