ЛЕПШЫЯ РАБОТЫ – У ДАР МУЗЕЮ

Культура

На другім паверсе Івянецкага музея традыцыйнай культуры ёсць куточак, ад якога вее святлом і напеўнасцю роднай зямлі. З залацістай саломкі, якая назаўсёды ўвабрала ў сябе непаўторны водар збажыны, выстаўлены тут творы народных майстроў Міншчыны.

Гэта ўнікальная калекцыя фарміравалася на працягу многіх гадоў. Музей цесна супрацоўнічае з абласным цэнтрам народнай творчасці. У свой час з гэтай установай была заключана афіцыйная дамова на папаўненне фондаў Івянецкага музея. Сутнасць дакумента заключаецца ў наступным: на ўсіх значных абласных святах майстры саломапляцення перадаюць у музей адну са сваіх работ. Многія рэгіёны Міншчыны прадставілі тут сваю самабытную творчасць. Найбольш экспанатаў паступае пасля правядзення профільных конкурсаў. На выставе прадстаўлены шматлікія жанравыя работы, якія ў выніку ствараюць агульную закончаную кампазіцыю. У кожнага аўтара свой почырк, свае сакрэты майстэрства. Сярод творцаў ёсць і нашы землякі. Тут

ЛЕПШЫЯ РАБОТЫ

экспануюцца работы Станіславы Іосіфаўны Аль з Валожына, творчасць сямейнай дынастыі Кацураў з Гарадзечна.

Саламяны куток прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. Нямала арганізуецца групавых экскурсій, часта практыкуюцца і індывідуальныя. Асабліва шмат іх было тут летам – пік экскурсійнага, пазнавальнага турызму. З традыцыйным рамяством саломапляцення ў Івянецкім музеі азнаёміліся турысты з ЗША, Італіі, Германіі і іншых краін. Іскрынку залацістага сонца саломкі павезлі яны ў сваіх успамінах аб нашым гасцінным краі.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий