Повар – не апошні чалавек у арміі!

Молодежный курьер

Павел НАГОРСКІ заўсёды лічыў кухню жаночай тэрыторыяй. Да службы ў арміі нават яечню згатаваць не ўмеў. І трэба ж было такому здарыцца, што менавіта яму выпала роля повара. Чатыры месяцы вывучаў сакрэты салдацкай кулінарыі ў аб’яднаным вучэбным цэнтры і, нечакана для сябе, палюбіў гэту справу.

Зараз са сваім напарнікам ён штодня корміць сорак чалавек асабовага саставу. Акрамя гэтага, у абавязках повара – падтрымліваць належны санітарны стан кухні і сталовай. У іх дывізіёне няма ні магазіна, ні буфета, так што гатаваць неабходна смачна, каб салдаты не адчувалі голад. Дзяжурныя афіцэры таксама сталуюцца ў Паўла. Нараканняў на якасць ежы не было. Самыя любімыя стравы ў ваенных – макароны са смажанай каўбасой, гуляш з бульбяным пюрэ.

Прадукты паступаюць на склад свежыя і своечасова. Павел размяркоўвае іх на порцыі, а потым галоўнае – не адыходзіцца ад пліты, каб нічога не падгарэла і «не збегла» з катлоў.

Збалансаванасці салдацкага харчавання надзяляецца асабліва пільная ўвага. У меню падлічаны ўсе калорыі, утрыманне вітамінаў, бялкоў і вугляводаў павінна адпавядаць прынятым нарматывам. «Гэта вельмі сур’ёзна і адказна, — гаворыць Павел. – Толькі ўявіце, якія памылкі можа дапусціць зенітчык, калі я выпадкова дрэнна спраўлюся са сваімі абавязкамі… Повар – не апошні чалавек у арміі!»

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий