ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

ШТРАФУЮЦЬ САМАГОНШЧЫКАЎ.

Адным з нядаўніх дзён рэйдавая група супрацоўнікаў РАУС адправілася на адпрацоўку ляснога масіву каля вёскі Белакорац. Пошукі самагонных апаратаў і іншых забароненых законам прыладаў і рэчываў для вытворчасці саматужнай гарэлкі завяршыліся даволі хутка. Міліцыянеры засталі “вытворцу” ў самы разгар справы. У выніку 400 літраў брагі вылілі на зямлю і забралі ў райаддзел 30 літраў самагону. Нідзе непрацуючы жыхар райцэнтра цяпер панясе адказнасць па двух складзеных на яго адміністрацыйных пратаколах.

НОЧ ЗЛАДЗЕЮ ПАМАГАЕ…

У аператыўна-дзяжурную часць РАУС патэлефанаваў жыхар Івянца. Мужчына паскардзіўся на невядомага злодзея, які ноччу пранік на тэрыторыю недабудаванага дома і скраў адтуль электрадрыль з насадкай, 60 метраў двухжыльнага кабелю, будаўнічую кіянку, некалькі пачак самарэзаў, баргарку і адразныя дыскі. Агульная сума ўрону перасягнула 2,5 мільёна рублёў.

З падобнай бядой сутыкнуўся і мінчанін, які будуе дом у вёсцы Каралеўшчына. Гаспадар недалічыўся на сваім участку бензапілы, трымера, балгаркі, электрадрылі і іншага інструменту, ацэненага ў 4 мільёны 220 тысяч рублёў. Вінаватых шукаюць.

ДАРОГА ПАМЫЛАК НЕ ДАРУЕ

Не даруюць іх і супрацоўнікі міліцыі, асабліва калі чалавек сапраўды вінаваты ў дарожна-транспартным здарэнні. Аднаго з такіх гора-вадзіцеляў, маладога мінчаніна, затрымалі за рулём у стане алкагольнага ап’янення пасля таго, як ён, рухаючыся заднім ходам, урэзаўся ў прыпаркаваны на плошчы Свабоды Ракава міліцэйскі аўтамабіль. На парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол. Дарэчы, некалькімі днямі пазней дзяржаўтаінспектары затрымалі яшчэ аднаго вадзіцеля “пад градусам”. Высветлілася, што нядаўна гэтага кіроўцу ўжо затрымлівалі за язду ў нецвярозым стане і пазбавілі права кіраваць аўтамабілямі на 3 гады. Паўторнае парушэнне прывяло ўжо да крымінальнай адказнасці.

Яшчэ адно транспартнае здарэнне на дарозе адбылося таксама з мінчанінам, уладальнікам спартыўнага матацыкла японскай вытворчасці. Каля гадзіны ночы ён рухаўся па трасе Мінск-Ашмяны, і тут на дарогу раптоўна выскачыў дзік. Адбылося сутыкненне, у выніку падзення матацыкліст атрымаў некалькі пераломаў і цяпер рэабілітуецца ў Валожынскай ЦРБ.

ЗБІРАЎ МАК НЕ ПРОСТА ТАК…

У Вішневе супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі жыхара пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна. У яго аўтамабілі пры аглядзе была выяўлена ўжо засохлая і сырая макавая саломка – наркатычнае рэчыва. Апошнія “партыі” малады чалавек сабраў з аднаго з вішнеўскіх домаўладанняў і на пашы, дзе мак рос у дзікіх умовах. Як засведчыў хлопец, ён не збіраўся выкарыстоўваць саломку ні сам, ні прадаваць яе. Чаго будзе каштаваць неабдуманы ўчынак – адкажа следства.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий