ПРЫЙШЛІ НЕ АДПРАЦОЎВАЦЬ, А ПРАЦАВАЦЬ!

Официально

Калі ў працоўныя калектывы Валожыншчыны прыбывае маладое папаўненне, гэта заўсёды радасная падзея. Па шматгадовай добрай традыцыі прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама чарговы раз прывіталі ўсіх, хто сёлета скончыў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы і прыбыў на працу ва ўстановы адукацыі, аховы здароўя, культуры, на прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Сустрэча прайшла ў раённым Цэнтры культуры.

Сёлета на нашай зямлі першыя крокі на шляху ў прафесію робяць 136 маладых людзей. Прыкладна палова – ураджэнцы іншых раёнаў і нават абласцей краіны. Адкрываючы ўрачыстасць, з вітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. Кіраўнік раённай вертыкалі выказаў спадзяванне, што Валожыншчына здолее стаць для іх другой радзімай. А для гэтага будзе зроблена ўсё магчымае. Маладым спецыялістам, зразумела, сёння як ніколі патрэбны дапамога і падтрымка. І яе гатовы аказваць на ўсіх узроўнях! Уладзімір Антонавіч запэўніў моладзь, што ніводзін з іх не застанецца сам-насам з праблемамі ды цяжкасцямі, кожнаму будзе працягнута цвёрдая рука для апоры ў спрэчных жыццёвых і працоўных абставінах. А каб даведацца, што сёння непакоіць і цікавіць маладых спецыялістаў, зарыентаваў іх на адкрыты, шчыры дыялог. Таму на працягу ўсяго мерапрыемства ў зале працаваў мікрафон.

Маладыя спецыялісты атрымалі падчас сустрэчы з кіраўніцтвам раёна і карысныя кансультацыі. У прыватнасці, з выгаднымі ўмовамі атрымання спажывецкіх крэдытаў пазнаёміла прысутных дырэктар філіяла “Беларусбанка” ў Валожыне Іна Аляксееўна Пукала. Сёння на такі крэдыт маюць права тыя, хто размеркаваны на працу не па месцы жыхарства бацькоў. Сума банкаўскай пазыкі можа дасягаць 15 мільёнаў рублёў, ён даецца на 5 гадоў пад 25 працэнтаў ад стаўкі рэфінансавання – у пераліку выходзіць прыкладна 5,8 працэнта гадавых. А каб атрымаць такі крэдыт, неабходна завітаць у вышэйзгаданы аддзел культуры, ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама, супрацоўнікі якога выдадуць спіс неабходных для прадстаўлення ў банк дакументаў.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий