АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА верасень 1968 ГОДА

Культура

КАСМІЧНАЯ ТРАСА ПРАКЛАДЗЕНА

Аб гэтым пісала раённая газета з паметкай “ТАСС”.

Упершыню ў свеце савецкі касмічны апарат, абляцеўшы Месяц, паспяхова вярнуўся на Зямлю, даставіўшы вялікі аб’ём навуковай інфармацыі.

Аўтаматычная касмічная станцыя “Зонд-5” была запушчана Савецкім Саюзам 15 верасня. Пасля сямісутачнага палёту станцыя вярнулася на зямлю. 21 верасня станцыя прываднілася ў разліковым раёне акваторыі Індыйскага акіяна. Затым яна разам з навуковымі прыборамі была паднята на борт савецкага карабля пошукава-выратавальнай службы.

“Зонд-5” паспяхова абляцеў Месяц, правёў навуковыя даследаванні касмічнай прасторы ў раёне Месяца. Яго вяртанне ў зададзены раён – выдатнае дасягненне савецкай навукі і тэхнікі.

ВЫБРАЛІ ЛЕПШАГА АРАТАГА

На раённае спаборніцтва аратых з калгасаў і саўгасаў з’ехаліся механізатары, каб памерацца ў спрыце і майстэрстве ўзорвання глебы на трактарах «МТЗ-52» і «Т-74» з навяснымі плугамі.

На другім і трэцім этапе спаборніцтваў механізатараў чакалі кіданне гранаты і бег на дыстанцыю 1 кіламетр. Лепшыя вынікі на трактары Т-74 паказаў Іван Вікенцьевіч Рэут з сельгасарцелі “Верны шлях”, другое месца заняў Іосіф Іосіфавіч Мазанік з саўгаса імя Маякоўскага, трэцяе – Іван Мікалаевіч Унучак з калгаса імя Суворава. На трактары МТЗ-52 першае, другое і трэцяе месцы занялі Іван Рыгоравіч Макляк з сельгасарцелі “Краіна Саветаў”, Франц Станіслававіч Бушыл з саўгаса “Радзіма” і Станіслаў Казіміравіч Крэпскі з калгаса “Рассвет”. Пераможцам прысуджаны грашовыя прэміі.

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАНЯЎ У БАЦЬКІ

Брыгадзір-рацыяналізатар Іосіф Іванавіч Бітэль з Вішнеўскага дрэваапрацоўчага ўчастка прыдумаў прыстасаванне – вайму – для склейвання дошкі. З дапамогай яе раней непрыгодныя абрэзкі зараз ператвараюць у дошкі.

Раней на двары, у цэху валяліся кучы абрэзкаў дошак. Яны вырасталі з кожным днём, а потым спісваліся на дровы. Каб знайсці лепшае прымяненне гэтаму матэрыялу, Іосіф Іванавіч са зваршчыкам Анатолем Мікалаевічам Каравайскім пачалі “чараваць” над новым прыстасаваннем.

Зараз эканоміцца сотні квадратных метраў дабраякаснай сыравіны. Гэта адна з чатырох рацыяналізатарскіх прапаноў сталяра І. І. Біталя.

Ад бацькі пераняў ён любоў да працы, асабліва да сталярнай. Хлапчуком прыходзіў пад паветку і глядзеў, як гэблік у дужых бацькавых руках паволі выпрацоўваў драўляную дошку. Радаваўся бацька, калі сын спрабаваў дапамагчы.

З цягам часу і з-пад рук Іосіфа пачалі выходзіць быццам фабрычныя шафы, сталы, якія заказвалі аднавяскоўцы. Затым дзясяткі людзей сталі вучнямі Іосіфа Іванавіча. Нездарма мэбля, якую выпускаюць на Вішнеўскім дрэваапрацоўчым участку, толькі добрай і выдатнай якасці.

ЗА МАШЫНАМІ – У ГРУЗІЮ

Калектыў валожынскай аўтабазы № 14 атрымаў 24.398 рублёў звышпланавага прыбытку. У выніку лепшым вадзіцелям набудуць новыя машыны.

У далёкі грузінскі горад Кутаісі адправіўся шафёр аўтабазы Пётр Нахай. Там ён атрымае новую машыну “К-608”.

Такіх машын на аўтабазе набылі сёлета 5, купілі 5 самазвалаў і 2 аўтобусы. Новая тэхніка перададзена лепшым вадзіцелям. Вядуць у дарогу магутныя самазвалы шафёры Іван Кучынскі, якія за выдатную працу ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, Канстанцін Козел, Амяльян Пліскоўскі, Уладзімір Мышлён. За рулём аўтамашын вопытныя спецыялісты: Сцяпан Журкевіч, Георгій Байраш, Іван Ланько, Аляксей Дабралёт.

РАЗМАЎЛЯЕ НА 50  МОВАХ

Пра гэта пісала “Працоўная слава” з паметкай “ТАСС”.

Выкладчык Тартускага дзяржаўнага ўніверсітэта Пент Нурмекунд гаворыць на 50 мовах. Ён добра ведае амаль усе еўрапейскія і больш як 20 асноўных усходніх моваў.

…Жыццё ў Пента Нурмекунда складалася цяжка. Сын эстонскага батрака, ён пачаў вучыцца ў школе толькі ў дванаццаць гадоў. Да гэтага ён працаваў, дапамагаў бацькам утрымліваць сям’ю. Пачаўшы вучыцца, праявіў выключныя здольнасці, да 22 гадоў скончыў гімназію, пасля службы ў арміі паступіў на філасофскі факультэт Тартускага ўніверсітэта. Тут пачаў наведваць адразу чатыры аддзяленні. Прафесары былі здзіўлены яго ўпартасцю, прагай да ведаў, моўнымі здольнасцямі. Сарамлівы, непрыкметны студэнт адначасова пачаў займацца семіцкімі, раманскімі, славянскімі, скандынаўскімі і іншымі мовамі, вывучаў індаеўрапейскае мовазнаўства і фалькларыстыку.

– На першых пачатках справа прасоўвалася марудна, – гаворыць Пент, –больш за ўсё патрабавалі часу старажытныя класічныя мовы. Значна менш – сучасныя. Дацкую, напрыклад, я вывучыў за два месяцы, на нарвежскую спатрэбілася яшчэ менш часу.

ШКОЛЬНІКІ ПРАЦУЮЦЬ ЛЯСНІЧЫМІ

Амаль пяць гадоў пры Пяршайскай дзесяцігодцы працуе школьнае лясніцтва. За гэты час вучні пасадзілі 20 гектараў лесу.

Гаспадарка лясніцтва немалая: больш як 50 гектараў. Больш за 100 вучняў даглядаюць лес, абараняюць яго ад пажараў і шкоднікаў, клапоцяцца пра лясных жыхароў. Узначальваюць лясніцтва самыя дасціпныя і вялікія аматары біялогіі. Сёлета ляснічым выбраны дзевяцікласнік Уладзімір Вярцінскі, а біёлагам-паляўнічым – Тарэса Русовіч. Вучаніца Тася Ждановіч – інспектар аховы лесу. У кіраўнічым апараце лясніцтва шэсць школьнікаў зацверджаны ўчастковымі тэхнікамі-лесаводамі.

МАЛЫЯ ПАДПАЛЬШЧЫКІ

У вёсцы Дайнава з-за гульні дзяцей з агнём быў знішчаны 51 дом з надворнымі пабудовамі.

На жаль, сустракаюцца яшчэ такія бацькі, якія не займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей, не тлумачаць ім небяспеку гульні з агнём. Да ліку такіх адносіцца Антон Карабан з вёскі Капусціна, чые дзеці штогод учыняюць пажары. Нядаўна яго сын, пяцігадовы Саша, узяў дома запалкі і падпаліў салому ля хлява. Дзень быў ветраны. Агонь перакінуўся на саламяныя дахі дамоў. Распаленае паветра не давала магчымасці людзям падысці да дамоў і ратаваць сваю маёмасць. Многія з калгаснікаў засталіся ў тым адзенні, у якім былі на працы. Іх набыткі знішчаны агнём. Толькі падаспеўшыя пажарныя каманды, добраахвотныя пажарныя дружыны суседніх калгасаў  разам з насельніцтвам здолелі патушыць пажар. Аднак згарэла 12 дамоў з надворнымі пабудовамі.

ЯНЫ СЁННЯ НАПЕРАДЗЕ

Даяркі:

Яніна Станіславаўна Карпук з калгаса “17 верасня” атрымала ад 13 кароў за восем месяцаў па 3186 кілаграмаў малака, у тым ліку 518 за жнівень;

Алімпіяда Васільеўна Мамонька з калгаса “17 верасня” атрымала ад 12 кароў за восем месяцаў 3054 кілаграмы малака, у тым ліку 555 за жнівень;

Сцефанія Аркадзьеўна Таўгень з калгаса “17 верасня” атрымала ад 12 кароў за восем месяцаў па 3024 кілаграмы малака, у тым ліку 550 за жнівень.

Свінаводы:

Марыя Пятроўна Скапец з калгаса “Краіна Саветаў” атрымала ад 16 асноўных свінаматак па 17,1 парасяці;

Марыя Іванаўна Давыдовіч з калгаса імя М. Горкага атрымала ад 20 асноўных свінаматак па 16,1 парасяці;

Ніна Іванаўна Турло з калгаса імя М. Горкага атрымала ад 20 асноўных свінаматак па 14,7 парасяці.

Даглядчыкі буйной рагатай жывёлы:

Ніна Мікалаеўна Чупрыс, Аляксандр Сцяпанавіч Чупрыс з калгаса “Верны шлях” дабіліся сярэднясутачнай прывагі кожнай з замацаваных 44 галоў па 781 граму.

Мацвей Юльянавіч Мякіннік з саўгаса “Ракаўскі” дабіўся сярэднясутачнай прывагі кожнай з замацаваных 92 галоў па 613 грамаў.

ДАДУЦЬ ФОРУ СЛЕСАРАМ

Слясарная нажоўка, матыкі, гайкі, ваконныя кручкі і завесы і многае іншае – усяго больш за 50 прадметаў з металу, зробленых вучнямі на ўроках працы, экспануюцца на стэндзе ў Івянецкай сярэдняй школе імя Ф. Э. Дзяржынскага.

Асаблівай дакладнасцю і чысцінёй апрацоўкі вылучаюцца прадметы, зробленыя васьмікласнікам Р. Бабіцкім, дзевяцікласнікам Ч. Пашкевічам, пяцікласнікам В. Несцярэвічам, васьмікласнікам Р. Макасём.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Самая добрая ўраджайнасць збожжавых па раёне ў калгасе імя Леніна – 15,4 цэнтнера з гектара. У калгасах імя Чапаева і “17 верасня” – 15,3 цэнтнера з гектара. Самыя нізкія паказчыкі ўраджайнасці ў саўгасе “Залескі” – 8,1 цэнтнера з гектара, у калгасе “Перамога” – 8,7 цэнтнера. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых з гектара па раёне – 10,9 цэнтнера.

Школа-магазін арганізавана пры праўленні райспажыўсаюза. Дзясяткі юнакоў і дзяўчат, закончыўшы яе, працуюць у гандлёвых прадпрыемствах раёна. Сёлета навучаецца 25 чалавек. У большасці гэта выпускнікі сярэдніх школ, а таксама работнікі спажывецкай кааперацыі, якія не маюць спецыяльнай падрыхтоўкі.

Майстар спорту СССР па шашках Ю. А. Струк, былы выпускнік валожынскай сярэдняй школы № 2, правёў турнір у раённым Доме культуры. Памерацца сіламі з ім узяліся адзінаццаць чалавек. У сеансе адначасовай гульні на дзесяці шашачных і адной шахматнай дошках аматарам не ўдалося перамагчы свайго земляка.

Спаборніцтва па прафесіях атрымала вялікі размах у Валожынскім лясгасе. Пераможцамі яго сталі шафёр М. Гарнастай, станочнік Я. Божка, каменшчык Т. Скляповіч, трактарыст  Б. Паталей і цясляр В. Мартуновіч.

Вучні Карнюткаўскай васьмігадовай школы дапамагаюць мясцоваму калгасу “Бальшавік”. Піянеры выкапалі бульбу з чатырох гектараў. Асаблівай стараннасцю вызначыліся браты Тамашэвічы, Света Сарока, Косця Рудзь, Саша Брысь.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий