КРОК ДА НАЛІБОЦКАЙ СПАДЧЫНЫ

Общество

У пачатку верасня на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” адбылася ўстаноўчая канферэнцыя новага грамадскага аб’яднання “Спадчына Налібоцкай пушчы”.

Ідэя стварыць такую арганізацыю ўзнікла не на пустым месцы і не ў аднаго канкрэтнага чалавека. Як расказаў карэспандэнту раённай газеты вядучы інжынер па паляўніцтвазнаўстве ДПУ “Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Налібоцкі” Васіль Уладзіміравіч Шакун – дарэчы, таксама адзін з натхняльнікаў, а цяпер і член новастворанага аб’яднання, гэта вынік рашэння людзей самых розных прафесій аб’яднаць творчыя сілы, каб актыўна ўдзельнічаць у ахове ўнікальнага навакольнага асяроддзя пушчанскіх лясоў, а таксама адраджаць, умацоўваць і прасоўваць брэнд Налібоцкай пушчы. На ўстаноўчую канферэнцыю з’ехаліся больш за 20 укладальнікаў новага грамадскага аб’яднання – пераважна з нашага раёна, а таксама нераўнадушныя людзі з Іўеўшчыны і сталіцы. Пад вольнымі шатамі прыродазнаўцы, гаспадары аграэкасядзіб, пенсіянеры, прадстаўнікі працоўных калектываў Валожыншчыны выбралі старшыню (ім стаў валожынскі прадпрымальнік Уладзімір Сяргеевіч Рубан) і прынялі Статут арганізацыі. Гэты дакумент, акрамя іншых арганізацыйных момантаў,  акрэсліў і канкрэтныя, асноўныя напрамкі дзейнасці “Спадчыны Налібоцкай пушчы”.

У прыватнасці, члены арганізацыі будуць, як ужо гаварылася, распаўсюджваць экалагічныя веды і прапагандаваць ідэі аховы навакольнага асяроддзя пушчанскага рэгіёну. Акрамя гэтага, яны сабіраюцца адрадзіць мясцовыя традыцыі і рамёствы, таму ў будучым, відавочна, на Валожыншчыне стане куды больш прафесійных бортнікаў, бондараў і іншых рамеснікаў з блізкай спецыялізацыяй. Выступаюць члены СПН і за эканомію энергіі і энергарэсурсаў, рацыянальнае прыродакарыстанне, таму ставяць у лік задач прапагандаваць і садзейнічаць укараненню ў рэгіёне Налібоцкай пушчы экалагічна чыстых, энергазберагальных, навукаёмкіх і арыгінальных тэхналогій. У ліку асноўных задач таксама і папулярызацыя экалагічнага і аграрнага турызму. Таму не варта будзе дзівіцца, калі ў нашым сапраўды багатым на ўнікальную флору і фаўну краі пралягуць новыя турыстычныя маршруты, актывізуецца работа прыдарожнага сэрвісу.

Работа “Спадчыны Налібоцкай пушчы” арыентуецца не толькі на тых, хто мае ўжо дастатковы жыццёвы вопыт і цвёрда вызначыўся з прыярытэтамі, але і на моладзь. Для гэтай катэгорыі насельніцтва абяцаюць стаць цікавымі тэматычныя семінары і навуковыя даследаванні, лекцыі, а таксама друкаваная, кіна- і відэапрадукцыя, што прапагандуе ахову прыроды і значнасць Налібоцкай пушчы ў сістэме асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Еўропы, арганізацыя конкурсаў прац па гэтай тэматыцы. Знойдзецца праца для маладых і творчых праграмістаў, якіх запросяць да супрацоўніцтва ў напісанні камп’ютарных праграм у галіне экалогіі, энергазахавання. Акрамя таго, знойдзецца чым парадаваць і простых гараджан і вяскоўцаў. Адной з мэт “Спадчыны Налібоцкай пушчы” з’яўляецца арганізацыя вытворчасці і выстаў-продажаў экалагічна чыстай прадукцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий