УНІКАЛЬНЫ РЭГІЁН У БЕЛАРУСІ

Культура

Так як Налібоцкая пушча размешчана на тэрыторыі пяці адміністрацыйных раёнаў – Стаўбцоўскага і Валожынскага Мінскай вобласці, Іўеўскага, Навагрудскага, Карэліцкага Гродзенскай вобласці, – неабходна агульная праграма дзеянняў для таго, каб зрабіць вялікую справу: стварыць брэнд Налібоцкай пушчы і паспяхова яго прадаваць турыстам. Брэндынг тэрыторый дазваляе вырашыць шэраг найважных задач па паляпшэнні інвестыцыйнай і турыстычнай прывабнасці, павышэнні якасці жыцця насельніцтва і фарміраванні пазітыўнага іміджу рэгіёну.

Налібоцкая пушча – самы вялікі лясны масіў у Беларусі, і, напэўна, ва ўсёй Усходняй Еўропе. Захаванне такога лесу побач з густанаселенымі раёнамі краіны тлумачыцца неўрадлівымі глебамі, якія стагоддзямі рабілі земляробства эканамічна нявыгадным. Таму спецыялізацыяй рэгіёна, яшчэ з 15 ст. сталі лесанарыхтоўка, рамёствы, здабыча і перапрацоўка карысных выкапняў (балотнай жалезнай руды, гліны, кварцавага пяску і г.д.). Паступова з дробных саматужных рудняў, гамарняў, буд, гут, ганчарных майстэрняў узнікалі буйныя прамысловыя прадпрыемствы, росквіт якіх прыйшоўся на другую палову 18 – першую палову 19 стагоддзяў. Многія з іх злучаны з імем знакамітай прадпрымальніцы і мецэнаткі Ганны Радзівіл з роду Сангушкаў: Налібоцкая шкляная гута (самая вядомая ў Рэчы Паспалітай), Свержаньскі фаянсавы завод, керамічная вытворчасць у Ракаве і Івянцы… Лясныя і саматужныя промыслы, рамёствы і прамысловасць сфарміравалі ўнікальны для Беларусі характар рэгіёну, які, з папраўкай на маштаб, можна параўнаць з расійскім Уралам ці нямецкімі Руднымі Гарамі. Напрыклад, на Налібоцкім “металургічным камбінаце” (Рудня-Клецішча) ў 1850-х гг. працавала больш за 200 рабочых, 3 доменныя печы, 8 пудлінгавых печаў, 4 ліцейні. Такі ж маштаб меў і металургічны завод Храптовічаў у Вішневе, які таксама працаваў на балотнай рудзе. Эканоміка краю прыйшла ў заняпад у апошняй трэці 19 ст. Шкада, што нават вобразнае, культурнае асэнсаванне традыцый рэгіёну пакуль не стала часткай нашай нацыянальнай свядомасці, а выява свайго, спрадвечнага рамесніка ці прамыслоўца адсутнічае ў мастацтве і навукова-папулярнай літаратуры. Эканоміка краю прыйшла ў заняпад у апошняй трэці XIX стагоддзя, калі мясцовая прамысловасць прайграла канкурэнцыю новай індустрыі Данбаса, Урала і расійскіх сталіц. Не меншую ролю, таксама дагэтуль неацэненую, адыграў Налібоцкі край у ваеннай і палітычнай гісторыі Беларусі.

Геаграфічныя назвы і прозвішчы ў пушчы дагэтуль шмат у чым захоўваюць балцкі характар. Напрыклад, назва Івянец утворана ад літоўскага gyventi — «жыць», а Пяршаі — ад pirslys — «сват».

Літоўскамоўныя селішчы трапляліся ў лясной глухмені яшчэ напачатку XIX стагоддзя, але ўжо ў сярэдзіне стагоддзя ўвесь край быў цалкам беларускамоўным. Старэйшае пакаленне дагэтуль гаворыць на чыстай беларускай мове, не выпадкова і пачатак новабеларускай літаратурнай традыцыі звязана з імем Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, вялікую частку жыцця (1840 — 1884 гг.) які правёў у вёсцы Люцінка. Калі зазірнуць яшчэ далей углыб стагоддзяў, то і першы чалавек, свядома які назваў сябе ў канцы XVI стагоддзя беларусам, – Саламон Рысінскі, які пражыў вялікую частку жыцця ў Любчы. А яшчэ з пушчы родам Фелікс Дзяржынскі.  Пушчы і наваколлі далі свету шмат вядомых яўрэяў, уключаючы заснавальніка сусветнага артадаксальнага руху Agudath Israel Іцхака Халеві (1847 — 1914 гг.) і цяперашняга прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса. З пушчай звязаны і пачатак дзейнасці манаха-кармеліта Даніэля Штайна, які атрымаў шырокую вядомасць у рускамоўным свеце, дзякуючы «культаваму» раману Людмілы Уліцкай «Даніэль Штайн, перакладчык» (2006).

Асэнсаванне легендарнай гісторыі пушчанскага краю павінна стаць справай таго народа, які тут жыве. І не толькі асэнсаванне, але і паўторнае засваенне. Помнікі, велатрасы, гатэлі…

Валожыншчыну наогул жадаюць ператварыць у край, дзе будзе панаваць «зялёнае» паляванне. Прынамсі, засцерагчы ад стрэлаў маюць намер хоць бы глушцоў і цецерукоў. Сёння ва ўсім свеце папуляцыі гэтых рэдкіх птушак імкліва скарачаюцца. Калі ў 1996-2000 гг. колькасць заходнееўрапейскага падвіду глушца ацэньвалася ў 1080-1220 асобін, то да 2005 г. яна знізілася да 939. А ў Беларусі глушэц – па-ранейшаму паляўнічы від. На Валожыншчыне такуюць больш за 8 самцоў. Але падобных токаў у краіне становіцца ўсё менш. Таму распрацоўнікі схемы прапануюць праводзіць не адстрэл, а назіранні за гэтымі птушкамі. Сёння паляванне на глушца ажыццяўляецца па разавых дазволах. Тарыфы на трафей вагаюцца ў межах 430-550 еўра. У той жа час удзел у «зялёным» паляванні могуць прыняць да 10 чалавек. Ва ўсім рускамоўным інтэрнэце аўтары даследавання знайшлі толькі некалькі фірмаў, якія займаюцца арганізацыяй назіранняў за такавішчам. Перспектыва ў «зялёнага» палявання ёсць, і ў будучым яго можна было б прапагандаваць у іншых кутках Беларусі.

І. БУТУРЛЯ.

 



Добавить комментарий