ПАМЯЦЬ СТАГОДДЗЯЎ…

Культура

Самы старажытны помнік архітэктуры ў раёне – Вішнеўскі касцёл Маці Божай – зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі. Апошні раз будынак рамантаваўся ў 1985 годзе.

Пробашч касцёла айцец Юзаф вельмі перажывае, што даўнейшая кладка месцамі сыпіцца, з’явіліся трэшчыны. Калі сур’ёзна не ўзяцца за справу, то можа адбыцца непапраўнае. Пакуль жа шанс уратаваць святыню застаецца.

Вішнеўская парафія невялікая, у большасці – людзі пажылыя і пенсіянеры. Летась з-за недахопу грошай пафарбавалі толькі частку вонкавых сцен.

Касметычныя работы патрабуюцца і ўнутры касцёла.  За аднаўленне старажытных насценных роспісаў узяўся мастак з Мінска А. Пушкін. Айцец Юзаф яго работай задаволены і ўпэўнены, што старанне Алеся не застанеца незаўважаным.

Добра аздобілі касцёл новыя лаўкі. Яны класічнага стылю, выкананыя з цэльнага дрэва, упрыгожаны разьбой. На клірасе ўстаноўлены два новыя арганы, заключана дамова на гарантыйнае абслугоўванне інструментаў.

Цікава, але яшчэ і цяпер не-не ды і адшукаюцца ў кагосьці культавыя рэчы. Так, нядаўна пенсіянерка з Ігнатова Я. Касцюк прынесла драўляную фігурку Езуса, якая шмат гадоў таму назад упрыгожвала вясковую каплічку. Знойдзена ў самім касцёле даўнейшая выява Збаўцы, якую, магчыма, у свой час уратаваў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі з нейкай разбуранай святыні. Скульптуры выстаўляць на агляд рана, бо яны таксама патрабуюць прафесійнай рэстаўрыцыі.

Вішнеўскі касцёл за сваю доўгую гісторыю ніколі не пераставаў служыць людзям. Яго магутныя муры памятаюць дотыкі рук нашых далёкіх продкаў, яго высокія скляпенні – рэха іх малітваў. Сыдзем у нябыт і мы, а стары касцёл, бы намолены абярэг, застанецца нашчадкам. Святыні ж не паміраюць…

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий