Культурная палітра

Культура

М. І. ШУМСКАЯ з Ракава працавала настаўніцай. Яна ўжо даўно на пенсіі, але па-ранейшаму вучыць. Толькі сутнасць гэтай навукі цяпер змянілася: у яе падапечныя ўжо не школьнікі, а людзі, захопленыя старажытным нацыянальным рамяством…

Марыя Іванаўна – адмысловая майстрыха ў вышыванні крыжыкам. На нядаўнім абласным аглядзе-конкурсе наша зямлячка атрымала дыплом лаўрэата. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Сахута высока ацаніў работы вышывальшчыцы з Валожыншчыны. Майстрыха ж не бачыць у сваім рамястве нічога незвычайнага. Яна сціпла зазначае, што робіць, як і многія: карпатліва, шывок за шыўком, ажыўляе палатно яркім узорам. Але спецыялісты, аб’ектыўна ацэньваючы яе творчасць, зазначаюць, што Марыя Іванаўна проста залішне сціплы чалавек, таму і не занепакоена пошукам славы, прызнання. На самой жа справе ёй ёсць чым ганарыцца: работы настолькі акуратныя, што часам і не адрозніш, дзе сподні бок, а дзе вонкавы. Да таго ж на афіцыйных выставах у Мінскай вобласці яшчэ ніхто, акрамя М. І. Шумскай, не дэманстраваў вышыванак, у прыватнасці, абрусаў, такіх вялікіх памераў.

Кожны абрус – гэта тытанічная, скрупулёзная праца. Не выпадкова, на выставе ў Мінску з нагоды Дня горада, куды была запрошана і наша зямлячка, яе работы замежныя госці раскупілі вокамгненна. Хаця яна ўзяла іх толькі ў якасці экспанатаў і зусім не збіралася імі гандляваць. Але пакупнікі не змаглі ўстаяць перад такой магічнай прыгажосцю і здолелі ўсё ж угаварыць вышывальшчыцу рэалізаваць прыгожыя абрусы, ручнікі, сурвэткі. Выручка, якую атрымала, усцешыла, бо акурат у тым месяцы трэба было купіць падарунак на вяселле любімаму ўнуку. Ну, а калекцыю вышыванак яна праз некалькі месяцаў зноў хутка аднавіла. Любіць яна гэты спрадвечны занятак да самазабыцця! Таму і час знаходзіць, і выкройвае са сваёй сціплай пенсіі грошы на каляровыя ніткі, на льняное палатно. У палоне захаплення яна не адчувае старасці, імклівых гадоў. Творчасць – асноўны эліксір яе жыцця.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий