МАТЧЫНА ІНТУІЦЫЯ

Культура

70 гадоў таму з карты раёна знікла вёска Янушкавічы. Яна была знішчана фашысцкімі акупантамі 9 жніўня 1943 года. У агні тады загінула 76 жыхароў, сярод якіх было 25 дзяцей. Жывымі засталіся толькі тыя, хто быў вывезены ў Краснае ўрочышча ля Мінска.

Да вайны вёска жыла бесклапотна: вясёлая, шматлюдная – 198 жыхароў, 33 сям’і.

Нашай сям’і ўдалося выжыць цудам. У крайняй хаце Яські-халасцяка атабарыліся ўласаўцы-украінцы, жыравалі, як маглі. Мне тады было 6 гадоў, але добра памятаю, як уласавец прынёс маёй маці курыцу, каб тая суп зварыла. А ноччу тыя людзі напіліся, стукаліся да нас у дзверы. Маці ім не адкрыла і дала сабе слова: калі дажывём да раніцы, то ўцячом.

На світанні мы выйшлі на вуліцу, нас спаткаў Адольф Солтыс. Спачатку ён угаворваў маці, каб засталася, не бунтавала вяскоўцаў, а пасля пачаў крычаць і даказваць, што бачыў карту, дзе Янушкавічы не былі пазначаны на спаленне. Аднак маці не паслухалася, зрабіла па-свойму.

Мы не пайшлі дарогай, а пабеглі нацянькі пад Валожын. Гэта была субота, а з нядзелі на панядзелак вёску спалілі…

Тонкая інтуіцыя маці абараніла нас ад смерці.

Пасля вайны вёска Янушкавічы была адроджана. Але мы заўсёды адзначаем сумную дату яе спалення. І ў гэтым годзе вяскоўцы сабраліся ля крыжа на памінальнаю Імшу. Людзі разам з ксяндзом Сяргеем шчыра памаліліся за душы бязвінна замучаных. У тыя хвілі, мабыць, кожны думаў пра вечнае, адчуваў тонкую сувязь жывых з памерлымі.

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

жыхарка вёскі Янушкавічы.

 



Добавить комментарий