Ля ўваходнай брамкі на тэрыторыю Івянецкага музея традыцыйнага мастацтва кожнага сустракае стромкая драўляная скульптура. Яна ўжо міжволі прадвяшчае шматлікім наведвальнікам установы, турыстам, што фонды музея, відаць, маюць непасрэднае дачыненне і да мастацтва, якае нараджаецца з дрэва…
Адчыніўшы ўваходныя дзверы ў музей, гэта думка-здагадка яшчэ больш умацоўваецца. Бо тут вас сустракае задуменны, лірычны вобраз “Папараць-кветкі”. Аўтар гэтай удалай метафарычнай работы жыве ў Івянцы. Гэта Мікалай Вітольдавіч Задрэйка – вядучы метадыст музея.
Яго працоўны дзень праходзіць у майстэрні, якая размешчана па вуліцы Прамысловай гарпасёлка. Тут ён штодзень з

задавальненнем акунаецца ў стыхію творчасці. Нярэдка інструменты, масіўны прыродны матэрыял з дрэва даводзіцца адкласці ўбок. Бо ў майстэрню рамесніка наведваюцца шматлікія айчынныя ды і замежныя турысты, каб дакрануцца да вытокаў гэтай творчасці.
Алег Раманоўскі, Мікалай Задрэйка – гэта, мабыць, адны з тых, хто ў Івянцы праз шмат дзесяцігоддзяў пачалі актыўна развіваць і працягваць справу вялікага майстра, шырока вядомага не толькі ў Беларусі – Апалінарыя Пупко. Гэтага ўнікальнага чалавека ўжо даўно няма на белым свеце. Але неўміручая творчая спадчына і цяпер цешыць душу! На другім паверсе музея адкрыта пастаяннадзеючая выстава скульптуры, плоскай дэкаратыўнай разьбы па дрэве. Захоўваюцца работы і ў фондах-запасніках.
Імклівыя гады не маюць улады над яго творчасцю. Яна па-ранейшаму захапляе, здзіўляе, яна падахвочвае наведвальнікаў і самім паспрабаваць папрацаваць з дрэвам. Не раз бываў тут і Мікалай Задрэйка. Вялікі дар разьбяра А. Пупко разбудзіў здольнасці і ў яго душы. Цяпер М. Задрэйка ўпэўнена ідзе да сваіх прафесійных вышынь. Дарэчы, Івянец заслужана лічыцца адным з цэнтраў разьбы па дрэве ў рэспубліцы. Не выпадкова тут праходзіў абласны пленэр майстроў-разьбяроў.
Ірына ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.