Шукаць красу не стоміцца душа…

Культура

Ёсць асобы, якія ўпрыгожваюць свет, робяць яго лепшым, несучы  людзям шмат святла, чалавечнасці. Пра такіх кажуць: чалавек з Божай адмецінай. Такой асобай  з’яўляецца жыхарка Валожына Святлана Саламонаўна Бушланава, чалавек добрага сэрца і ўсебаковага таленту.

Ураджэнка Віцебска, у 1941 годзе з сям’ёй эвакуіравалася на Урал, дзе прайшлі школьныя гады, юнацтва, там жа выйшла замуж. Аб’ехаўшы з мужам-афіцэрам паўсвета, у 1971 годзе асталявалася ў Валожыне і, відаць, назаўсёды. Палюбіла горад як родны, прывязалася, прыкіпела да яго жыхароў, стала жыць іх праблемамі.

Для Святланы Саламонаўны не існуе чужых праблем, чужога гора. Яна заўсёды там, дзе патрэбна дапамога: даць слушную параду, супакоіць патрэбным словам, прынесці хвораму лякарства, паклапаціцца пра суседзяў, пра стан іх жылля, змясціць у газету спачуванне ці не забыць павіншаваць каго з радаснай падзеяй… Адной ёй вядома, колькі трэба патраціць душэўных і фізічных сіл, даглядаючы цяжкахворых, пры гэтым забыцца на сваё самаадчуванне.

Святлану Саламонаўну ведаюць як увішную гаспадыню і руплівую агародніцу. Разам з мужам Паўлам Андрэевічам яны шчыруюць цэлае лецейка, каб сабраць  добры ўраджай, і ўдаецца: пра гэта красамоўна сведчаць гарбузы- сонцы, “па кулаку” вырашчаны бялюткі часнок ды залацістая цыбуля, якую гаспадыня сплятае ў вянкі і развешвае на сцяне, што з’яўляецца натуральным упрыгожаннем кухні. А кухня – адно з улюбёных месцаў нашай гераіні, дзе яна можа праявіць сябе як умелая кулінарка – хто каштаваў яе фірменныя стравы ды рознае печыва, той ведае ім цану!

Святлана Саламонаўна – таленавіты настаўнік, педагог ад Бога, мудры выхавацель. З 1973 па 1977 гг. працавала

.

інспектарам РАНА, з 1977 па 1998 гг. – намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і настаўнікам геаграфіі ў Валожынскай школе-інтэрнаце. Яе памятаюць як прынцыповага, справядлівага і добразычлівага кіраўніка. Яна ўмела падтрымаць у патрэбную хвіліну настаўніка, убачыць у яго рабоце станоўчае, пахваліць за добры ўрок ці мерапрыемства і тактоўна даць заўвагу, павучыць, калі гэта было неабходна. Колькі любові і цярпення было аддадзена сіротам, якіх навучала  жыць, дапамагала знайсці прафесію, старалася ім даць тое, што можна знайсці толькі ў сям’і.

За добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм у навучанні і выхаванні маладога пакалення Святлане Саламонаўне было прысвоена ганаровае званне “Выдатнік адукацыі СССР” і “Выдатнік народнай адукацыі БССР”, а таксама была ўзнагароджана шматлікімі граматамі. Але галоўная ўзнагарода (як сама прызналася) – гэта добрая памяць і ўдзячнае слова ад калег-настаўнікаў і выхаванцаў. З некаторымі былымі падапечнымі і сёння існуе цесная сувязь: да яе прыязджаюць, тэлефануюць, дзеляцца радасцю, шукаюць слова падтрымкі.

Так, у Святланы Саламонаўны для ўсіх і на ўсё знаходзіцца час. Выкройвае яна  часінку і на любімы яшчэ з дзяцінства занятак – вышыўку, дзе можна найбольш праявіць свае творчыя здольнасці і наталіць душу самім працэсам вышывання і яго вынікам. Дарэчы, у будынку былой дзіцячай бібліятэкі  зараз экспануецца выстава вышыўкі сям’і Бушланавых пад назвай “Шукаць красу не стоміцца душа”. Такім відам старажытнага мастацтва займаюцца і нявесткі, і ўнучка Анечка, і Раіса Андрэеўна, сястра Паўла Андрэевіча. І сам ён далучыўся да гэтай справы: аздабляе вышыўкі зробленымі сваімі рукамі рамкамі, чым надае гэтым мастацкім творам завершанасць і большую прывабнасць.

А паглядзець-палюбавацца, і сапраўды, ёсць на што: тут родныя краявіды і ўспененыя марскія хвалі, пабудовы антычнасці і хрысціянскія храмы, ёсць   сюжэты з усходнім каларытам, а таксама дзіцячыя замалёўкі – усё гэта вышыта крыжыкам; а ружы, макі, касачы, фіялкі стваралі залатыя рукі Святланы Саламонаўны гладдзю, на сёння ўжо рэдкай тэхнікай вышывання. Кветкі, яркія, аб’ёмныя, вабяць вока і прымушаюць доўга запыніцца ля выставы.

Прыцягвае ўвагу вышытае Раісай Андрэеўнай радаводнае дрэва (своеасаблівая фамільная рэліквія) з акуратна наклеенымі фотаздымкамі родных: прадзедаў, дзядоў, бацькоў, дзяцей, унукаў. Відаць па ўсім: Бушланавы з годнасцю і пашанай ставяцца да свайго мінулага, сваіх продкаў, а меншых атуляюць цяплом і ласкай. Як вядома, у іх сям’і выхоўваюцца пляменніцы нявесткі, за якіх перажываюць не менш, як за родных. Нявестка Галіна (яна ж у сям’і толькі “Галачка”) – узор міласэрнасці і дабрачыннасці. А Бушланавы-мужчыны – прыклад  клапатлівых сем’янінаў, прыстойных, добра выхаваных людзей. Наогул, Бушланавы стараюцца жыць так, дзе крытэрыем адносін з’яляюцца такія каштоўнасці, як любоў, узаемападтрымка, самаахвярнасць і далікатнасць, уласцівая інтэлігентным людзям.

Галоўная ж захавальніца гэтых каштоўнасцяў – наша гераіня Святлана Саламонаўна, абаяльная, статная жанчына-маці, з невычэрпнай энергіяй і багатай душой, якая не стамляецца шукаць красу…

Людвіка ТАЎГЕНЬ.

Фота Таццяны ЛАНЬКО.

 



Добавить комментарий