МАЎКЛІВЫ АБЯРЭГ

Культура

«Што расце без кораня?» – адно з пытанняў, якое павінна было паставіць у тупік героя беларускай народнай казкі Івана Світанніка і не дазволіць яму пранікнуць у падземнае царства, каб вызваліць царэўну. Толькі хітры Іван ведаў адказ – камень.

Як сцвярджаюць вучоныя, на Беларусі каменні з’явіліся прыкладна ад 600 тысяч да 20 тысяч гадоў, і прынесены яны з Балтыйскага шчыта і паўночна-заходняй Рускай пліты. (Да слова, узрост пірамідаў Хеопса – 4800 гадоў). Так што перад тым, як адкінуць які-небудзь камень, узгадайце, што калісь аб яго спатыкаліся дыназаўры і маманты…

Супрацоўнікі інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР (зараз Інстытута геалагічных навук НАН) камяні не толькі паважаюць, але і збіраюць. У 1980 годзе імі быў створаны Музей валуноў, які налічвае звыш 2-х тысяч экзэмпляраў. Некаторыя экспанаты дасягаюць 16 тон , а ўзрост іх вылічваецца не тысячамі, а мільярдамі гадоў! Зараз музей займае плошчу шэсць з паловай гектараў і размяшчаецца на ўскрайку Мінска. У самой жа сталіцы папулярнасцю карыстаецца валун Волат або Дзед, які «прапісаўся» каля Лодачнай станцыі. Кажуць, што імёны камень атрымаў яшчэ ў часы паганства, калі служыў атрыбутам капішча. Некаторыя мінчане ўпэўнены, што Дзед-камень захаваў і сваю чароўную сілу: камусьці дапамог вылечыцца, разбагацець, адшукаць асабістае шчасце…

Ні абвяргаць, ні пацвярджаць гэта мы не будзем. Але тое, што камяні часам набываюць незразумелыя ўласцівасці – факт. У старажытным Тураве, што на Гомельшчыне, у царкве захоўваюцца каменныя крыжы ў рост чалавека, якія прыплылі па Дняпры супраць цячэння аж з Кіева! А на тураўскіх могілках каменныя крыжы растуць проста з зямлі. Яны такія цёплыя, што снег вакол іх зімою растае…

Свае паркі камянёў ёсць у многіх краінах. У скандынаваў вельмі папулярныя тыя валуны, якія параслі мохам. Лічыцца, што «барада» – адзнака асаблівага статусу каменя, яго «гербавая грамата». Для таго, каб зацікавіць турыстаў, некаторыя гаспадары аграсядзіб навучыліся фальсіфікаваць звычайныя валуны пад свяшчэнныя. Знаходлівыя фіны спецыяльна паліваюць камяні півам, каб гладкая паверхня пакрылася лішайнікамі і мохам.

Падворак Вячаслава Францавіча і Галіны Аляксееўны Тарналіцкіх – адзін з самых дагледжаных і прыгожых у Манькаўшчыне. У садку, сярод акуратных дрэў і маляўнічых аздоб, заімшэлы камень у вочы кідаецца не адразу. Ён быццам саромеецца свайго шэрага вялізнага цела і таму цнатліва прыкрываецца густым, цёмна-зялёным мохам. Вострым выступам ён указвае на дом гаспадароў, паверхню мае гарызантальную, трохі з нахілам. Ідэальная форма для правядзення рытуалаў! Півам, відавочна, яго ніхто не паліваў, але расліннае футра валуна здзіўляе шыкоўнасцю. Магчыма, у дахрысціянскія часы яго шчодра такі ўшанавалі малаком і мёдам…

Гаспадары расказалі, што іх продкі на гэтым участку жылі здаўна. Пра камень ніякіх успамінаў не захавалася. Ды і самога каменя раней тут не было. А вось гадоў дваццаць таму з’явіўся між яблыняй і грушай невялічкі каменны ражок. Так як у садзе ніякіх земляробчых работ не вялося, то на выступ асаблівай увагі не звярталі. Толькі зусім хутка Тарналіцкія заўважылі, што ражок ужо і не ражок, а добры такі рог, ды і «спіна» за ім падымаецца не хілая!

Дзіўны камень працягваў расці. Неяк гаспадар рашыў выкапаць няпрошанага госця. Узяў рыдлёўку, лом. Якім жа было здзіўленне, калі вызначыў, што пад зямлёю камень намнога большы, чым на паверхні. Усе спробы выкарчаваць валун аказаліся беспаспяховымі.

Ды і варта яго чапаць? Такія камяні абы на якім месцы не сустракаюцца. Нядаўна ў Яраслаўскай вобласці рашылі пабудаваць царкву. Работу ледзь не сарвалі з-за вялізнага валуна, які знаходзіўся глыбока пад зямлёй. Пры дапамозе спецыяльных апаратаў устанавілі яго памер – 12 квадратных метраў! Такога гіганта нават пры дапамозе сучаснай тэхнікі так проста не выкарчуеш. Рашылі пакінуць камень на месцы, а царкву ўзвялі прама на ім.

Вялізныя камяні ў нашых далёкіх продкаў лічыліся свяшчэннымі абярэгамі зямлі, роду. Дык няхай і зараз яны адыгрываюць такую ролю. А можа, з часам людзі навучацца расшыфроўваць іх векавое маўчанне? І тады шмат чаго нам раскажуць гэтыя сведкі сівой даўніны…

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий