УМЕЛІ ПРАЦАВАЦЬ, УМЕЛІ І АДПАЧЫВАЦЬ

Культура

Некалі, помніцца, выступаў па тэлебачанні міністр культуры Беларусі з прапановай вывучыць традыцыйную культуру вёсак, дзе шмат станоўчага і цікавага. Правадніком гэттай культуры былі нашы бацькі. Трэба сказаць, што ў нашых Янушкавічах яна ўвасобіла ў сабе рысы і беларускай, і рускай, і польскай культур – так склалася гістарычна.

Культура была не проста стыхійная, пад яе падводзілі сапраўдную навуковую аснову. За польскім часам – а гэта доўжылася амаль 20 гадоў – у навакольных вёсках працавала “інструкторка”, якая вучыла жанчын прыбірацца, сачыць за сабой, выхоўваць дзяцей, будаваць узаемаадносіны ў сям’і, а таксама і бавіць вольны час – пець, танцаваць, кулінарыць. Было арганізавана “Коло господынь”, дзе жанчыны рабілі выпечкі па кніжных рацэптах. З дзецьмі-дашкольнікамі працавала “охронярка”, яна вывучала з імі гульні, танцы і песні, расказвала казкі і ладзіла для малых адмысловыя экскурсіі па жывой прыродзе. Маладыя людзі займаліся ў “Коле млодзежы” і спазнавалі ўсе навінкі высокай культуры свету. Падобныя арганізацыі працавалі амаль у кожнай вёсцы наваколля, а ўзначальваў і правяраў іх работу Ян Шостак з Яшкавічаў.

Сёння ў нашых населеных пунктах вызначаюцца дамы высокай санітарнай культуры, а раней гміна вызначала самыя акуратныя і добраўпарадкаваныя вёскі. Яны павінны былі быць чыстымі, узорнымі. Кожны гаспадар клапаціўся пра знешні выгляд свайго жылля.

Чалавек выхоўваўся сям’ёй, школай, грамадствам па трох накірунках: опінія (аўтарытэт), выкшталцэне (веды) і культура, асабліва выражаная знешне. Калі насустрач мужчыне ішла жанчына, ён вітаўся з ёй, кланяўся і прыпадымаў галаўны ўбор. У гасцях кабетам цалавалі руку. У нядзелю ўсёй сям’ёй прыгожа апраналіся і ішлі да касцёла, а бліжэй да вечара ладзілі вечарынкі.

У кожнай вёсцы была шырока распаўсюджана мастацкая самадзейнасць. Раз у год вяскоўцы рыхтавалі пастаноўку п’есы на біблейскую тэматыку, запрашалі туды ксяндза і начальства з гміны. У самым вялікім доме майстравалі сцэну, гасцей частавалі салодкімі далікатэсамі і чаем. У Янушкавічах было 12 музыкаў – 5 скрыпачоў, 2 гарманісты, два гітарысты, яшчэ па аднаму ігралі на мандаліне, цымбалах і бубне. Таму з “гукавым афармленнем” праблем не было. Вяскоўцы ведалі шмат танцаў: вальс, падыспань, кракавяк, нарэчаньку, полька і танга былі звыклымі. А вось венгерку мала хто таньчыў, бо трэба было спрытна падскочыць і ляснуць нага аб нагу – не кожнаму тое давалася. Папулярным быў і так званы “салодкі танец” – калі юнак пасля танца ўручаў сваёй партнёршы дзве шакаладныя цукеркі. Хлопцаў называлі кавалерамі, дзяўчат – паненкамі. Часта вядучы аб’яўляў: “Кулэчка, паненка справа!” І танцоры абменьваліся партнёрамі.

Дзяўчаты з дзяўчатамі ніколі не танцавалі. Яны сядзелі і чакалі, пакуль да іх падыдуць хлопцы, паклоняцца і запросяць да танца, пасля якога абавязаны былі адвесці іх на месца, дзе тыя сядзелі. Кавалерам модна было ў час скокаў моцна тупнуць нагой. У дзяўчат не лічылася ганебным адбіваць кавалераў. Яны падыходзілі да танцораў і ляскалі ў далоні, тады хлопец пачынаў танцаваць з імі, а яго партнёрша ішла “разбіваць” іншую пару. Былі танцы, якія дзяўчаты ўспрымалі з вялікай радасцю. Напрыклад, вядучы аб’яўляў: “Танец з поцэлованем рончкі!” – і пасля апошніх «па» хлопец цалаваў дзяўчыне руку. Наступны танец – з кветкамі. Дзяўчаты для яго рабілі з паперы дзве аднолькавыя кветкі, але ў кожнай з іх яны павінны былі адрознівацца. Тады адна кветка клалася на стол, а другая хавалася. Маладыя людзі бралі кветку са стала і доўга шукалі яе аднолькавую “палавінку”, схаваную ў дзяўчат. Калі знаходзілі, выводзілі партнёршу на танец, абодва трымалі кветкі высока ў руках.

Так як сябравалі вёскамі, усе павінны былі прытрымлівацца этыкету. Ад хлопцаў патрабавалася быць прыгожа апранутымі, пры гальштуках, весці сябе прыстойна і ні ў якім разе не сварыцца. Парушыў хоць адзін з гэтых негалосных запаветаў – і больш на вечарынку не трапіш!

Вечарынкі былі розныя – звычайныя, складковыя і выбаровыя. На складковыя вечарынкі дзяўчаты прыносілі варанае мяса, дамашнія пірагі, хлеб і салаты, хлопцы – напоі. Пасля дружнай вячэры зноў працягваліся танцы. А на выбаровых вечарынках мела права прысутнічаць толькі вясковая эліта.

Так вёска весялілася-жыла, не лічачы гады ваеннага ліхалецця, да 1949 года. А пасля моладзь усё часцей стала шукаць шчасця ў гарадах. А ў сталых мужчын забаўка ўсё ж засталася. Звалася яна “гуляць у Ката”. У выхадныя мужчыны звычайна збіраліся гуляць у карты. Раскідвалі ў чатыры партыі, а за спіной кожнага стаялі балельшчыкі. Часам да іх заходзіў “маладзік” – хлопец, які толькі-толькі ажаніўся. Тады яго садзілі на зэдаль, падымалі “на ўра”, а ён пасля абеду прыносіў “упіснога” ў кампанію. Астатнія мужчыны таксама неслі складчыну і працягвалі весяліцца. Здавалася – а прычым тут кот? А гэта жывёла ў славян – сімвал гаспадара. Калі добры кот, то і ў доме парадак – мышы яго баяцца і бяды ў гаспадарцы не чыняць. Так жаніх станавіўся Катом, сапраўдным гаспадаром, і мужчыны прымалі яго ў свае рады.

Як бачна, продкі нашы ўмелі прыгожа, весела жыць. Не грэх сёння было б аднавіць даўнія традыцыі – падсаладзіўся б быт, а хаты часцей асвятляліся ўсмешкамі добрага настрою…

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий