КОЖНАМУ ПАТРЭБНА ЛЮДСКАЯ ЎВАГА І ЛАСКА…

Общество

Непадалёку ад спартыўна-аздараўленчага цэнтра «Галактыка», у лесе, размяшчаецца Ракаўскі псіханеўралагічны дыспансер. Сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, як гэта медыцынская ўстанова аказвае спецыяльную дапамогу хворым людзям. Зараз на лячэнні знаходзяцца 164 чалавекі ва ўзросце ад 18 гадоў.

Даглядаць пакрыўджаных лёсам – справа нялёгкая. Асаблівая нагрузка кладзецца на санітарак, бо ім найчасцей даводзіцца кантактаваць з пацыентамі.

Цярпенню і вытрымцы санітаркі Ларысы Іванаўны Раманчык можна і падзівіцца, і пазайздросціць. Праўда, сама Ларыса Іванаўна лічыць, што ніякай звышчуласцю яна не вызначаецца, проста прытрымліваецца хрысціянскіх канонаў любові і спагады да бліжняга.

З адказнасцю ставіцца да выканання сваіх абавязкаў і повар установы Ірэна Мечыславаўна Яблонская. У яе, як у дбайнай гаспадыні, ні

.

крупы, ні лыжка алею дарэмна не збузуецца. Пацыенты будуць накормлены і смачна, і пажыўна. Вядома, чакаць ад душэўнахворых людзей падзяк не варта, але іх задаволеныя ўсмешкі таксама можна расцаніць як своеасаблівую пахвалу.

Кіруе Ракаўскім псіханеўралагічным дыспансерам дырэктар Віталь Уладзіміравіч Прыёмка. Унікаць яму даводзіцца і ў пытанні медыцынскага абслугоўвання пацыентаў, і ў гаспадарчыя праблемы, і ў адносіны персаналу да выканання сваіх задач. Сёння ён абавязкова павіншуе свой калектыў з дзесяцігоддзем, пажадае яму і далей з годнасцю выконваць прафесійныя абавязкі.

.

З самага пачатку існавання ўстановы тут працуюць такія сумленныя людзі, як вартаўнікі У. А. Башкевіч і А. А. Скурко, медсястра В. М. Бразюк, санітарка З. І. Каспарэвіч, бухгалтар І. А. Лабінская і многія іншыя адказныя работнікі. Не малы стаж і ў старшай медсястры Т. А. Храбко, якая таксама вызначаецца стараннем, міласцю да няшчасных, веданнем сваёй справы.

У Ракаўскім дыспансеры часта гучаць словы падзякі работнікам ад сваякоў пацыентаў. Не сакрэт, што часам нават блізкія людзі стамляюцца даглядаць хворых і перадаюць іх у спецыялізаваныя ўстановы. Тым, хто па волі лёсу аказаўся ў Ракаўскім дыспансеры, лічы, пашанцавала. Тут заўсёды чыстае паветра, тут прыгожа і ўтульна як у двары, так і ў памяшканні. Найбольш здольных вучаць некаторым відам творчай ручной працы. Але самае галоўнае – тут кожнаму хапае добрых слоў і ласкавых адносін.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий