БІЎ ЁН НОГІ АБ ДАРОГІ, ПЕРАМОГУ НАБЛІЖАЎ

Культура

…Дробненька тупаючы, дзядуля павёў мяне ў хату, каб я мог прысесці і занатаваць у рабочы блакнот яго аповед-успамін. У франтавіка-пехацінца 1 дружыны 4 роты 32 палка 8 дывізіі 2-й Арміі Краёвай Мечыслава Вікенцьевіча Галабурды было чым падзяліцца з дапытлівым карэспандэнтам: гады, бязлітасныя для цела, не займелі сілы над розумам і памяццю ветэрана.

Мечыслаў Вікенцьевіч нарадзіўся ў вёсцы Галабурды ў 1924 годзе. Ён быў познім дзіцем у сям’і. Перш чым адважыцца на нараджэнне і выхаванне дзіцяці, бацькі паспрабавалі пашукаць лепшай долі ў далёкай Амерыцы, але пасля дзесяці гадоў, праведзеных на чужыне, вярнуліся на Радзіму, абзавяліся кавалкам зямлі ў два гектары і пабудавалі млын. Дзякуючы гэтаму і жылі. У маленстве быт Мечыслава Вікенцьевіча нічым не адрозніваўся ад будняў іншай вясковай дзятвы. Гульні і дапамога старэйшым па гаспадарцы, затым – чатыры класы польскай школы і яшчэ больш працы на сямейным надзеле…

Вайна ў жыццё вяскоўцаў уварвалася раптоўна. Сталым мужчынам і маладым людзям прыйшлі павесткі з ваенкаматаў. Атрымаў такую і Мечыслаў Вікенцьевіч. Праўда, першую выпадкова праігнараваў. Затое па другой накіраваўся разам з іншымі хлопцамі пехатой аж у Стоўбцы – там быў пункт збору. Адтуль ужо на цягніку дабіраліся да Баранавічаў, пасля гэтага юнакоў накіравалі на папаўненне польскай арміі. М. В. Галабурда ехаў ваяваць, поўны абурэння і злосці на фашыстаў. Не дзіва, калі ўлічыць, што ад рук гітлераўскіх акупантаў і іх добраахвотных памагатых-паліцаяў загінуў яго стрыечны брат Стась.

Ветэран-пехацінец узгадвае, як “па дарогах збілі ўсе ногі” – даводзілася, акрамя звычайнага салдацкага рыштунку – амуніцыі, плашч-палаткі і шыняля, якія і так важылі дастаткова), чапляць яшчэ на спіну амаль 10-кілаграмовы ручны кулямёт Дзегцярова і боепрыпасы. А калі ўлічыць, што і баі здараліся даволі частыя, калі трэба было дзейнічаць на максімальнай хуткасці, дэманструючы літаральна цуды спрыту… Не дзіва, што праз некалькі месяцаў падобных выпрабаванняў на трываласць Мечыслаў Вікенцьевіч “зарабіў” двухбаковую грыжу. Адляжаўся, вядома, колькі дазваляла самаадчуванне, а ў большасці сумленне, – і рушыў са сваёй ротай у далейшы шлях.

Вайна – гэта заўсёды нястачы, галеча і бруд. Апошняе найбольш даймала франтавікоў: амаль увесь час начуючы ў наспех выкапаных зямлянках, закручваючыся ў змакрэлыя шынялі, яны пакутавалі ад пастаянных укусаў дакучлівых насякомых. Але самае суровае выпрабаванне, якое выпала салдатам у час вайны, зразумела, былі непасрэдныя ўзброеныя сутычкі з ворагам. М. В. Галабурду ўдалося выйсці цэлым з усіх баёў, але не аднойчы даводзілася перажываць сапраўдны страх – страх страціць жыццё вось так, у маладыя гады, удалечыні ад Радзімы, ад сям’і, ад каханай, якой так і не займеў… Так здарылася пад Дрэздэнам, калі пехацінцы трапілі ў акружэнне. Варожы агонь баў такі шчыльны, што ніхто і думкі не дапускаў, што ўдасца выбрацца з-пад куль. Прадчуванне немінучай смерці агарнула салдат. І хаця яны яшчэ адстрэльваліся, не было ў той стральбе рашучай моцы, настрою перамагаць, душыць ненавісны фашызм. Як цуд, сустрэлі байцы падыход сістэм савецкай рэактыўнай палявой артылерыі – у народзе ласкава названых “Кацюшамі”. Войска гітлераўскай кааліцыі не ўстаяла пад полымем, асколкамі, зямлёй ад выбухаў снарадаў, і неўзабаве агорнутае цішынёй поле ўкрыла дымавая завеса…

Разам з паплечнікамі Мечыслаў Вікенцьевіч дайшоў да Эльбы, прарываўся на Чэхаславакію. А пасля перамогі іх накіравалі ў Карпаты, дзе да 1947 года змагаліся з бандэраўцамі. Радаваўся, быццам дзіця, калі вярнуўся нарэшце дадому. Не засмучаў ні голад, ні холад. Пабольшала і без таго вялікая сям’я: са спаленай гітлераўцамі вёскі Забор’е пераехала сястра з мужам і дзецьмі, таму з’явіліся дадатковыя клопаты. Але загартаваныя вайной душы не баяліся цяжкасцяў, і жыццё пачало патрохі наладжвацца. Мечыслаў Вікенцьевіч пайшоў на працу ў калгас, дзе працаваў пастухом, а потым конюхам. Ажаніўся, вырасцілі разам дачку, адправілі яе ў сталіцу вучыцца. Там яна і засталася жыць і працаваць. Жонкі М. В. Галабурды не стала некалькі гадоў таму, і пасільныя клопаты пра старэнькага бацьку ўзяла на сябе, вядома ж, дачка. Цяпер кожныя выхадныя прыязджае разам з сям’ёй, прывозіць гасцінцы, а потым завіхаецца ў хаце, пыніць няхітрую гаспадарку. Дзядуля чакае яе з нецярпеннем: блізкіх суседзяў ужо няма, куды далей не дазваляюць зайсці скалечаныя вайной ногі пехацінца. Але і цяпер стары салдат не пасуе перад гадамі, прыязнай усмешкай сустракае гасцей, якія дапамагаюць выставіць за парог горыч адзіноты…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *