КАРАНЦІН ЗНЯТЫ, АЛЕ АБМЕЖАВАННІ ЗАСТАЮЦЦА

Общество

Каранцін па афрыканскай чуме свіней у вёсцы Чапунь Іўеўскага раёна зняты, але некаторыя забаронныя меры па ўтрыманні свіней застаюцца.

Валожынскі раён адносіцца да першай пагрознай зоны па АЧС. Таму жыхарам забараняецца гадаваць свіней на ўласных падворках не менш, як паўгода пасля забою. Забараняецца таксама рэалізацыя жывых свіней, свініны і прадуктаў з яе на рынках, а таксама камбікармоў, кармавых сумесей, вотруб’я, адходаў мукамольнай і крупяной вытворчасці.

29 жніўня Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову аб дадатковых мерах па барацьбе з АЧС і іншымі небяспечнымі хваробамі жывёлы. Плануецца, што будуць унесены некаторыя змены ў заканадаўчыя акты і ўзмоцнены меры адказнасці за ўтойванне падзяжу жывёлы і іх захворванне, продаж ці выкарыстанне нядобраякасных кармоў і кармавых дабавак, парушэнне ветэрынарных правілаў.

Супрацьстаяць распаўсюджванню афрыканскай чумы свіней – задача агульная, таму ад кожнага патрабуецца зрабіць усё, што ў яго сілах. У асноўным жыхары раёна разумеюць складанасць сітуацыі, аднак без канфліктаў не абыходзіцца. Грамадзяне павінны разумець, што сягоння неабходна часова адмовіцца ад утрымання свіней у асабістых гаспадарках. А калі пагроза АЧС будзе цалкам пераадолена, прыватныя свінарнікі запоўняцца зноў.

Што датычыцца пяцікіламетровай зоны вакол свінакомплексу «Пяршаі-2003», то, згодна з ветэрынарна-санітарнымі правіламі ад 6-га мая 2013 года трымаць свіней у прыватных гаспадарках і індывідуальным прадпрымальнікам забаронена. У забаронную зону ўвайшлі наступныя вёскі: Навасады, Батуркі, Будроўшчына, Паліксоўшчына, Сугвазды, Цябуты, Ласокіна, Макрычаўшчына, Аляксандрава, Білуці, Даманоўшчына, Есьманы, Захажэва, Леснікі, Мяжэйкі – Дорскі сельсавет; Пажаркаўшчына, Даўгулёўшчына, Канюшаўшчына, Палубоўцы, Ляшчоўцы, Чэхаўшчына, Седлішча, Семернікі, Сусні, Агароднікі, Вайнілаўшчына, Багушоўка – Пяршайскага сельсавета; Банькава – Валожынскага сельсавета.

Жыхарам гэтых населеных пунктаў неабходна адмовіцца ад гадоўлі свіней і арыентавацца на развіццё іншых накірункаў жывёлагадоўлі. У выпадку парушэння даных патрабаванняў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу памерам да 2-х мільёнаў рублёў.

Парушэнне ветэрынарна-санітарных правілаў, якое прывяло па неасцярожнасці распаўсюджвання заразных хвароб жывёлы, караецца ўжо па  крымінальным заканадаўстве абмежаваннем або пазбаўленнем волі тэрмінам да 2-х гадоў.

Сяргей ШУПЕНЬКА,

галоўны ветэрынарны ўрач раёна.

 



Добавить комментарий