ПАСУДЗІНА З КЛЁПАК

Культура

Наўрад ці адшукаецца шмат знатакоў вучэння філосафа Дыягена, а вось тое, што старажытнагрэчаскі вучоны жыў у бочцы, ведае амаль кожны. Дыяген лічыў гэты сасуд шыкоўным домам: у ім суха, цёпла, прыемна пахне. Праўда, цеснавата…

Нашы продкі знайшлі бочкам, кадкам, кадзям і кадушкам іншае прымяненне. У іх квасілі капусту, салілі агуркі і грыбы, у прамысловых маштабах – селядцы, мачылі яблыкі, захоўвалі ваду, піва і квас. Дрэва выдатна захоўвае водар прыпраў: хрэн, кмен ці кроп нідзе так не пахнуць, як у бочкавым расоле. Саму ж бочку дастаткова як след нацерці разрэзанай галоўкай часнаку, каб уся засолка набыла пікантны дух. Акрамя таго, лічылася, што дрэва валодае лекавымі ўласцівасцямі. Таму посуду з дрэва ў сялянскіх дамах хапала: дзежкі для рошчыны хлеба, місы, начоўкі, ступы, каўшы, апалонікі і лыжкі. Калі бочкі і кадушкі вырабляліся з клёпак, то ступы і ночвы часцей выдзёўбвалі з цэльнага ствала. Від драўніны таксама меў вялікае значэнне. Напрыклад, дубовыя кадзі найлепш падыходзілі для засолкі і квашання, ліпавыя кадушкі – для цеста. Любілі бондары вырабляць лыжкі з грушы або бярозы.

Памятаю, як у дзяцінстве я і меншыя брацікі любілі есці “дзедавай” або “бабінай” лыжкай. Дзедава была вялікая, выгінастая, а бабуліна меншая і зграбная. За лыжкі, асабліва за дзедаву, ішла пастаянная вайна. Каб хоць неяк утаймаваць спрэчкі, што папярэднічалі кожнаму сняданку, полудню ці вячэры, дзядуля купіў у Вішнеўскай краме кожнаму з нас па размаляванай “пад хахламу” драўлянай лыжцы. Асаблівай цікавасці фабрычныя сувеніры ні ў кога з дзяцей не выклікалі. Да таго ж яны аказаліся непрактычнымі: мы хутка распазналі, што магазінныя лыжкі лёгка абкусваюцца і вельмі прыемна хрумсцяць на зубах. За які тыдзень усе падарункі былі абгрызены намі да чарана і выкінуты ў печку. Нашы вострыя зубкі даказалі, што выбіраць матэрыял для посуду неабходна не абы-які, а трывалы. Змаганне ж за “дзедаву” і “бабіну” лыжку працягвалася, аж пакуль мы не павырасталі.

А яшчэ мы заўсёды таўкліся каля бойкі са смятанай. Паасобку, а то і па двое ці па трое мы абхватвалі дрэўца з крыжыкам і, высалапіўшы ад старання языкі, боўталі, білі масла. Смятану, што выступала ў дзірачцы на накрыўцы, падхоплівалі пальцам і аблізвалі. Смаката!

Бойка, дзяжа, кадушка – такія звыклыя, знаёмыя рэчы. А між тым вырабляліся яны без адзінага цвіка. Клёпкі замацоўваліся абручамі з дрэва або бляхі, дно і накрыўкі падганяліся пад размер. У час работы бондар вырабы і падсушваў, і вадой заліваў. У выніку драўляныя дошчачкі шчыльна злучаліся і не прапускалі вільгаці.

Свае сакрэты былі і пры пакупцы бандарных вырабаў, асабліва тых, якія прызначаліся для замесу хлеба. Тут было важна ўсё: зыходны матэрыял, колькасць клёпак. Напрыклад, вясельны каравай ні ў якім разе не замешвалі ў дзяжы з няцотнай колькасцю клёпак. На дзяжу, пакрытую аўчынай, садзілі маладую, верылі, што тады яе замужжа акажацца ўдалым, жыць з мужам яны будуць багата і шчасліва.

Бочкі, кадушкі і кадзі хоць і выглядаюць грубаватымі, на самой справе вельмі далікатныя. Яны патрабуюць догляду амаль як жывыя істоты. Існавала цэлая навука: калі мыць дзежку, а калі не мыць, калі пакідаць у ёй рошчыну, а калі не пакідаць. Усе бандарныя вырабы час ад часу неабходна вытрымліваць у вадзе: сабраць “лега” з рассохлых і рассыпаных клёпак не ўдасца. У бандарнай справе самая вялікая задача – паставіць апошнюю клёпку, якая замацоўвае ўвесь выраб. Так што прымаўка “Клёпкі ў галаве не стае” гаворыць  не пра адзін недахоп, а пра поўны хаос. Бо выцягні з бочкі клёпку, і яна ўся разваліцца.

Бандарныя вырабы зараз ужо рэдка выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы, іх змянілі пластмасавыя, лёгкія і зручныя ў выкарыстанні. Не выйшла з ужытку хіба што драўляная бойка. Хаця і ёй хапае сучасных аналагаў. Нават у пральнай машыне масла збіць можна. Праўда, будзе яно ў выглядзе крупак, якія трэба злепліваць у камок, ды і на патэльні яно пеніцца…

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий