АЛГАРЫТМ СТАБІЛЬНАСЦІ – АДКАЗНАСЦЬ І ПЛАНАВАННЕ

Официально

Свой рабочы дзень, праведзены на Валожыншчыне, старшыня аблвыканкама Б. В. Батура прысвяціў разгляду вытворчых спраў аграрных прадпрыемстваў і сустрэчы з жыхарамі раёна па хвалюючых іх пытаннях.

Візіт кіраўніка вобласці на Валожынскую зямлю пачаўся з наведання ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Інтарэс Барыса Васільевіча да стану спраў у льнаводчай галіне выкліканы істотным гаспадарчым клопатам. Больш падрабязна сітуацыю пракаменціраваў генеральны дырэктар ААТ “Мінабллён” Уладзімір Цвіркоў, які ў той дзень таксама прыехаў на прадпрыемства. У вобласці вытворчасцю льновалакна займаюцца 9 прадпрыемстваў, і ў некаторых з іх тэрмін эксплуатацыі абсталявання перавысіў 20 гадоў, у яго вялікі знос, што не дазваляе працаваць бясстратна і эфектыўна.

.

Пра рэальныя справы льнокамбіната далажыў старшыні абласнога выканаўчага камітэта дырэктар валожынскага прадпрыемства А. А. Бобрык. Сёння тут  займаюцца вырабам доўгага і кароткага льновалакна. Далей прадукт пастаўляецца ў Оршу, Барысаў, іншыя прадпрыемствы і арганізацыі краіны. У студзені-жніўні бягучага года Валожынскі льнокамбінат выпусціў і адгрузіў прамысловай прадукцыі на 3,4 мільярда рублёў. Аднак пры гэтым сабекошт яе ў параўнанні з мінулым годам знізіўся на 27 працэнтаў, а матэрыяльныя выдаткі на вытворчасць істотна ўзраслі. Таму, замест чаканых дывідэндаў, нашы льнаводы мусілі задумацца над тым, як кампенсаваць атрыманыя страты. Былі агучаны канкрэтныя лічбы: узровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі склаў “мінус” 45,9 працэнта, рэнтабельнасць продажу – “мінус” 66,2 працэнта. У грашовым эквіваленце агульная сума страт перасягнула  2,5 мільярда рублёў.

У сувязі з пачутым Барыс Васільевіч заканамерна пацікавіўся, як калектыў льнокамбіната плануе выйсці на станоўчую дынаміку развіцця вытворчасці. А зачын гэтаму ўжо ёсць. Напрыканцы мінулага года на прадпрыемстве, дзякуючы рэалізацыі інвестыцыйнага праекта з агульным аб’ёмам інвестыцый больш за 8 мільярдаў рублёў, увялі ў эксплуатацыю цэх па выпуску льнянога алею, вядомага сваімі карыснымі для здароўя ўласцівасцямі. Пры яго вытворчасці ўтвараецца жмых, запатрабаваны ў вырабе камбікармоў. Гэта дазволіла зрабіць працэс выпуску дадатковай прадукцыі цалкам безадходным: яшчэ ў 2010 годзе было закуплена

.

дадаткова неабходнае абсталяванне і асвоена вытворчасць кастрабрыкетаў, для вырабу якіх выкарыстоўваецца драўняная частка льнянога сцябла. Гэтыя брыкеты – паліва для кацельных установак, іх ахвотна набываюць прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Увядзенне новай лініі дазволіла ў выніку атрымаць выручку ад рэалізацыі льнянога алею без малога 596 мільёнаў рублёў пры сабекошце 102,4 мільёна. Льнокамбінат выйшаў на прыбытак у памеры 13 мільёнаў рублёў, а ў цэлым рэнтабельнасць ад рэалізацыі алею склала 2,9 працэнта. Выручка ж ад продажу кастрабрыкетаў дасягнула ў бягучым годзе 131,1 мільёна рублёў. Як адзначыў А. А. Бобрык, у будучым плануецца давесці рэнтабельнасць ад рэалізацыі алею да 15 працэнтаў.

Яшчэ адным пытаннем, якое цікавіла кіраўніка вобласці, быў ход мадэрнізацыі вытворчасці. Валожынцам тут ёсць чым заслужана пахваліцца. Два гады таму пабудавана блочна-модульная кацельня, з уводам якой у два разы знізіліся выдаткі на спажыванне электраэнергіі – з 456,2 тысяч да 237,8 тысяч кВт/г. Больш чым на 200 мільёнаў рублёў зменшыліся і затраты на ўтрыманне новай кацельні. З уводам цэха па вытворчасці і разліве харчовага льнянога алею і вытворчасці грануляванага льнянога жмыху на прадпрыемстве адкрыліся 8 новых рабочых месцаў, а штомесячная дадатковая выручка дасягае 250 мільёнаў рублёў.

Паступова замяняецца і іншае абсталяванне. Сёння ў ліку найбольш актуальных значыцца пытанне ўстаноўкі парагрэйнага катла для падсушвання льнотрасты, бо надвор’е не дазваляе нарыхтоўваць гэтую сыравіну сухой.

Падводзячы вынікі наведання ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, Барыс Васільевіч застаўся задаволеным мерапрыемствамі, якія

.

праводзяцца прадпрыемствам для аздараўлення свайго фінансавага становішча. Добрай весткай для льнаводаў стала і тое, што старшыня Мінскага аблвыканкама пасадзейнічае ўрэгуляванню цэнаўтварэння на прадукт і прадукцыю. А напрыканцы Б. В. Батура справядліва падкрэсліў: калі вытворчасць алею і жмыху, выпуск кастрабрыкетаў дазваляе ўмацаваць эканамічны стан прадпрыемства, то і трэба ў перспектыве накіраваць сілы на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці гэтай прадукцыі. На думку кіраўніка вобласці, праблем з яе рэалізацыяй не будзе.

Рабочы дзень кіраўніка сталічнага рэгіёну працягнуўся ў райвыканкаме. На асабісты прыём да Барыса Васільевіча Батуры завіталі васямнаццаць чалавек. Уздымаліся пытанні, якія большай часткай датычыліся паляпшэння жыллёвых умоў, індывідуальнага будаўніцтва, газа- і водазабеспячэння дамоў, рамонту дарог перад зімовымі халадамі. Частку гэтых праблем старшыня аблвыканкама вырашыў на месцы, астатнія ўзяты пад пільны кантроль.

Пасля праведзенага прыёму грамадзян дэлегацыя пад кіраўніцтвам Барыса Васільевіча пазнаёмілася з клопатамі прыватнага сектара, наведаўшы фермерскую гаспадарку “Дзівосны сад”, што непадалёк вёскі Шэлеўшчына. Гасцей ветліва сустрэлі кіраўнік гаспадаркі В. А. Ашуркевіч і яго кампаньёны. Яны разам і правялі займальную экскурсію па гіганцкім садзе-агародзе, які раскінуўся на плошчы 54,5 гектара, а таксама пазнаёмілі прысутных з асноўнымі паказчыкамі фінансава-гаспадарчай дзейнасці.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий