Общество

Чацвёрты год у Яршэвіцкай сярэдняй школе біялогію і геаграфію выкладае Павел Леанідавіч ХІЛЬКЕВІЧ. Зараз для любой школы мець у штаце мужчыну-педагога – вялікая ўдача. А для сельскай навучальнай установы – удача ўдвая.

Не сакрэт, што хлопцы стараюцца трымацца далей ад педінстытутаў. Так што Павел Леанідавіч унікумам аказаўся яшчэ будучы выпускніком СШ № 2, калі вырашыў, што будзе настаўнікам.

У многім на гэты выбар уплыў аказала Наталля Юр’еўна Кандэр, якая тады выкладала ў СШ № 2 біялогію. Н. Ю. Кандэр не толькі змагла прывіць любоў да свайго прадмету многім вучням, але і пераканаць у тым, што прафесія настаўніка – самая высакародная на свеце.

Павел Леанідавіч ніколі не пашкадаваў, што выбраў менавіта такі жыццёвы шлях. Толькі любімая справа можа стаць крыніцай натхнення, радасці, прывесці да поспеху. У скарбонку дасягненняў і вопыту П. Л. Хількевіч ужо паклаў першыя свае здабыткі. І іх нямала: Дыплом 1-ай ступені за удзел у раённым конкурсе «Юнацтва. Інтэлект. Будучыня», Ганаровая грамата за трэцяе месца ў абласным этапе конкурсу «Энергія і навакольнае асяроддзе», трэцяе месца на вобласці за ўдзел у «Энергамарафоне-2012», перамога на раённым фотаконкурсе «Зямля пад белымі крыламі», прызавое месца за відэаролік «Спадчына» на абласным узроўні.

Але галоўную сваю ўзнагароду малады настаўнік, як лічыць сам, атрымлівае кожны дзень, калі заходзіць у клас да вучняў. Калі бачыць прыветлівыя юныя твары і жыццярадасныя іскрынкі ў вачах. Калі пасля шумнага перапынку дзеці зацікаўлена сцішваюцца і ловяць кожнае слова настаўніка…

Хто перажываў падобнае, абавязкова пагодзіцца: такая ўзнагарода – найдаражэйшая!

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий