ДА ЗІМЫ ГАТОВЫЯ

Общество

На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта былі разгледжаны некалькі пытанняў, аднак асноўны акцэнт абмеркавання заканамерна быў зроблены на гатоўнасць суб’ектаў гаспадарання і аб’ектаў сацыяльнай сферы да работы ў асенне-зімовы перыяд.

Як запэўніў прысутных намеснік старшыні райвыканкама І. І. Ляшкевіч, у будучы халодны сезон можна рэальна разлічваць на бесперабойную, устойлівую і надзейную эксплуатацыю аб’ектаў народнай гаспадаркі. Для гэтага створаны неабходныя ўмовы. У прыватнасці, работнікі РУП “Валожынскі жылкамунгас” у поўным аб’ёме правялі прафілактычны рамонт і тэхнічнае абслугоўванне ўсіх вода- і цеплакрыніц, зрабілі хімічную прамыўку катлоў на кацельнях раёна, наладзілі належную работу ўстаноўленага там абсталявання. Была таксама прыведзена да нарматыўных характарыстык ізаляцыя цепласетак, выканана прафілактычнае абслугоўванне вадаправоднай сеткі і водаканалаў, завершаны рамонт інжынерных сістэм ацяплення жылых дамоў, цеплавых пунктаў і інш. Атрымана 120 актаў і пашпартоў гатоўнасці па дамах, якія знаходзяцца на абслугоўванні жылкамунгаса. Вядзецца ў раёне і нарыхтоўка пясчана-солевай сумесі для падсыпкі дарог зімой. З неабходных 4 тысяч тон ужо сёння нарыхтавана больш як 20 працэнтаў патрабуемага.

Амаль з сярдзіны верасня ў рэжыме гатоўнасці знаходзіцца тэхніка філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” “ДРБУ 3 167”  – 8 пескараскідвальнікаў, 12 трактароў, 3 аўтагрэйдары, 7 пагрузчыкаў, 4 экскаватары і бульдозер. Практычна цалкам падрыхтаваны і тэхнічны фонд РУП “Мінскаўтадар-цэнтр” — ДЭУ № 61 ЛДД-612.

Філіял ДП “Мінаблпаліва” рэалізаваў насельніцтву і арганізацыям раёна 2898 тон торфабрыкетаў – 92 працэнты да плану. Перавыкананы паказчык па продажы насельніцтву дроў: 4865 кубічных метраў пры заданні 4390.

Разам з тым, як адзначыў дакладчык, не ўсе суб’екты гаспадарання праявілі належную адказнасць і гаспадарлівасць у пытаннях папярэдняй падрыхтоўкі да халадоў. На момант, калі праводзілася пасяджэнне райвыканкама, яшчэ не быў цалкам закрыты план нарыхтоўкі дроў на кацельні ЖКГ, не атрыманы пашпарты гатоўнасці кацельняў ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, райспажыўтаварыства, філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” і інш. У сувязі з гэтым, па выніках пасяджэння, кіраўнікі мусяць у бліжэйшы час выправіць сітуацыю на падведамасных аб’ектах.

Другое пытанне парадку дня тычылася прыцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці. Згодна з праведзенай інвентарызацыяй ва ўласнасці раёна сёння 30 такіх аб’ектаў. 24 з іх вырашана прадаць (сёння з аўкцыёнаў прададзена 6 на агульную суму 107, 4 мільёна рублёў), 2 – здаць у арэнду, яшчэ 2 – знесці, адно  выкарыстаць на ўласныя патрэбы і ў адным правесці капітальны рамонт. Такім чынам, у гаспадарчы абарот з пачатку года былі ўведзены 8 аб’ектаў і 2 знішчаны згодна з планам. Як адзначалася, асноўная праблема, якая стрымлівае астатні працэс прыцягнення невыкарытоўваемай маёмасці – марудная работа па правядзенні экспертыз даставернасці ўнутранай ацэнкі, з-за гэтага нельга выставіць будынкі на продаж. Тым не менш, пытанне пакуль застаецца адкрытым, і яго хутчэйшае вырашэнне – у інтарэсах раёна. Адказным асобам дадзены адпаведныя даручэнні.

У лік разглядаемых пытанняў увайшло таксама развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванне дзелавой актыўнасці на Валожыншчыне. Добрай навіной стаў той факт, што за апошнія гады прадпрымальніцкі сектар раёна значна вырас, а разам з ім павялічылася колькасць занятых у малым і сярэднім прадпрымальніцтве. Праводзіцца і мэтанакіраваная работа ў гэтым накірунку з боку ўлады. Сёння пры жаданні адкрыць уласны бізнес ёсць магчымасць зрабіць гэта на працягу аднаго дня. Гэтым карыстаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі, прадстаўнікі прыдарожнага сэрвісу, рамеснікі, уладальнікі аграсядзіб. У прыватнасці, на 1 верасня бягучага года на тэрыторыі нашага раёна зарэгістраваны 347 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, 441 індывідуальны прадпрымальнік. Назіраецца ўстойлівая дынаміка росту плацяжоў у бюджэт раёна, са снежня па жнівень сума грашовых паступленняў склала 23,8 мільярда рублёў – на 7,6 мільярда больш, чым летась. Сёння рэалізуецца 11 інвестыцыйных праектаў, дзякуючы бізнесменам, у гаспадарчы абарот прыцягнута шмат аб’ектаў невыкарыстоўваемай маёмасці. Перадумовы для рэалізацыі ўласнай справы створаны. Сёння перад раённай уладай стаіць задача максімальна садзейнічаць развіццю прыватнай ініцыятывы. Агучвалася, што да 2016 года на Валожыншчыне агульная колькасць суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва дасягне 850 адзінак. Гэта – рэальная перспектыва.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий